У Віцебску прайшоў турнір па таэквандо сярод 600 юных спартсменаў
Хлопчыкі і дзяўчынкі на працягу двух дзён змагаліся за прызавыя месцы, хваляваліся адзін за аднаго і набіраліся вопыту. Па словах удзельнікаў, падобныя спаборніцтвы — добрая магчымасць знайсці новых сяброў, пазнаёміцца з культурамі розных краін, адтачыць навыкі і дасягнуць сваіх мэт.
— Сёлета да нас прыехалі юныя спартсмены з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі,— сказаў старшы трэнер абласной федэрацыі таэквонда Сяргей Смычкоў. — Узровень удзельнікаў высокі, бо віцебская школа таэквонда адна з лепшых у краіне і цэніцца за яе межамі.
Спаборніцтвы праводзіліся ў розных узроставых і вагавых групах, медалі разыгрываліся сярод юніёраў, кадэтаў і дзяцей. За турнірнымі баталіямі на татамі назіраў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
— Мы хочам, каб нашы дзеці былі здаровыя. Таму на Віцебшчыне распрацавана стратэгія развіцця спартыўнай галіны, якая прадугледжвае з'яўленне новых спартыўных аб'ектаў ва ўсіх раёнах і паляпшэнне наяўнай базы. Да прыкладу, у бліжэйшы час запланавана адкрыццё басейна і спортзалы ў Гарадку, — паведаміў Мікалай Мікалаевіч. — Самае галоўнае — зацікавіць дзяцей актыўным ладам жыцця. Мы робім усё магчымае, каб пазнаёміць рабят з рознымі відамі спорту і стварыць умовы для заняткаў. Яны не павінны быць пакінуты самі сабе і бесмэтна знаходзіцца на вуліцы ў вольны час.
Мікалай Шарснёў сам вядзе актыўны лад жыцця, займаецца гіравым спортам і цяжкай атлетыкай, з'яўляецца прыкладам для навакольных. Па яго слядах ідзе і ўнучка, якая займаецца таэквандо.