У Віцебску прайшла абласная дабрачынная ёлка
Вядома, эпідэмічныя асаблівасці ўнеслі свае карэктывы: пры ўваходзе дзецям вымяралі тэмпературу, апрацоўвалі рукі, не забылі і пра ахоўныя маскі.
Мікалай Шэрстнёў падкрэсліў, што на свята запрошаны лепшыя з лепшых. На ёлцы сабраліся ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя дзеці, якія заўсёды з нецярпеннем чакаюць гэтага свята.
– Сёлета мы прынялі рашэнне не проста правесці ўрачыстае мерапрыемства, але і паказаць цудоўны навагодні горад, таму некаторыя дэлегацыі прыехалі напярэдадні. Губернатарская ёлка – гэта кульмінацыйны моманнт у жыцці кожнага дзіцяці. А мы, дарослыя, павінны прыкласці максімум намаганняў, каб гэтае свята адбылося, і прысутныя дзеці адчулі радасць і шчасце ад навагодняй сустрэчы. Задача дарослых – запаліць агеньчык у дзіцячых вачах і зрабіць іх свет цяплейшым, прыгажэйшым, утульнейшым. Поспехі дзяцей – гэта заўсёды вялікая радасць для дарослых. Ад сябе асабіста хачу пажадаць, каб жыццё ў кожнай сям'і з кожным годам станавілася ўсё лепшым, а з кожнага дзіцяці вырас годны грамадзянін нашай краіны.
Упершыню на галоўнай ёлцы Віцебшчыны апынуўся кадэт Вадзім Багоўлаў. Малады чалавек расказаў, што яму вельмі падабаецца гэтая атмасфера, і ён вельмі рады апынуцца сярод тых, хто трапіў на такое маштабнае і яркае свята.
З пачаткам мюзікла «Пітэр Пэн», здаецца, дзеці не выпускалі тэлефоны з рук. Яны стараліся захаваць яго самыя яркія моманты маляўнічага шоў. На месцы доўга сядзець не даводзілася. Героі прадстаўлення то і справа прапаноўвалі патанцаваць і пагуляць прама ў глядзельнай зале. Не абышлося ў гэты дзень і без абмену падарункамі і навагодніх віншаванняў ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.