У Віцебску прайшла абласная педагагічная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі

В Витебске прошла областная педагогическая конференция работников образования и науки
У Віцебску прайшла абласная педагагічная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі «Прынцыпы якасці ў працы па ўдасканаленні сістэмы адукацыі». У ёй прынялі ўдзел 470 чалавек, у тым ліку кіраўнікі адукацыйных устаноў, метадысты, настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы. Лепшыя з лепшых атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Урачыстай частцы папярэднічала выстава, дзе былі прадстаўлены метадычныя, навуковыя распрацоўкі, дасягненні, творчыя праекты педагогаў і студэнтаў ВДУ ім. П. Машэрава – ВНУ, якая прымала гасцей. Экспазіцыя раскрыла тэму першага ўрока, якім пачнецца навучальны год ва ўсіх адукацыйных установах: «Нам ёсць чым ганарыцца. Нам ёсць што берагчы!» Таксама яна адлюстравала тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і бягучага Года якасці.

– Дрэнны настаўнік толькі выкладае матэрыял, добры – тлумачыць, а лепшы – натхняе вучняў, – нагадаў гасцям канферэнцыі народную мудрасць кіраўнік аблвыканкама Аляксандр Субоцін, адкрываючы канферэнцыю. – У мінулым годзе сістэма адукацыі рэгіёна ўпэўнена трымала курс на рост якасных паказчыкаў і фарміраванне ў педагогаў асабістай адказнасці за дасягненне высокіх вынікаў у навучанні і выхаванні, і гэта прынесла свае плады.

Далей з падрабязнай дакладам выступіў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ён падкрэсліў, што прыярытэтным напрамкам у выхаваўчай рабоце з'яўляюцца павага да беларускіх дзяржаўных сімвалаў, захаванне гістарычнай памяці і патрыятызм. Асабліва важная ў дадзеным напрамку работа 132 музеяў у навучальных установах, а таксама развіццё экскурсійнай дзейнасці: у першым паўгоддзі 2024 года былі арганізаваны 5,5 тысячы экскурсій, у якіх прынялі ўдзел 110 тысяч навучэнцаў.

Таксама ён падкрэсліў, што па выніках удзелу ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, выстаўках, спаборніцтвах, навукова-практычных канферэнцыях навучэнцамі Віцебшчыны атрымана 538 дыпломаў міжнароднага і 712 – рэспубліканскага узроўняў.
Дзмітрый Хома адзначыў, што ў цэнтры ўвагі ўвесь гэты час знаходзілася даступнасць дашкольных устаноў, павышэнне якасці адукацыі. Па выніках працы ў 2023 годзе лепшай дашкольнай установай краіны, размешчанай у сельскай мясцовасці, прызнаны Зубкоўскі дзіцячы сад Лёзненскага раёна, а дзіцячы сад № 32 горада Полацка занесены на абласную Дошку гонару.

– А найважнейшым аспектам работы ўстаноў сярэдняй адукацыі стала прафарыентацыя, – адзначыў Дзмітрый Хома. – 30 % навучэнцаў наведвалі класы прафесійнай накіраванасці, што дало ім права на льготы пры паступленні ў ВНУ на запатрабаваныя спецыяльнасці. Пацвердзілі сваю эфектыўнасць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі: у бягучым годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 249 мэтавікоў.

Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, у бягучым годзе накіравана на працу 1765 выпускнікоў узроўню сярэдняй спецыяльнай і 2412 – узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі дзённай формы навучання. Высокую якасць атрыманых ведаў пацвярджаюць вынікі рабят: у рэспубліканскіх конкурсах імі атрымана 397 узнагарод.

У развіцці спецыяльнай, інклюзіўнай адукацыі на першым месцы па-ранейшаму знаходзяцца яе даступнасць і стварэнне камфортнага асяроддзя для яе атрымання. Забяспечана персанальнае суправаджэнне для асаблівых дзяцей.
– Таксама актыўна рэалізуюцца мерапрыемствы, прадугледжаныя Дзяржаўнай праграмай «Адукацыя і маладзёнавая палітыка» на 2021–2025 гады і Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай на 2024 год, – растлумачыў Дзмітрый Хома. – У Віцебску, Наваполацку, Оршы і Лепелі ў новых жылых кварталах вядзецца будаўніцтва дзіцячых садоў.
Акрамя гэтага дакладчык паведаміў, што пытанні падвозу дзяцей да месца вучобы паспяхова вырашаны: для перавозкі задзейнічана 329 школьных аўтобусаў. Да канца бягучага года плануецца пастаўка яшчэ 21 транспартнага сродку за кошт рэспубліканскага бюджэту.

"Віцебскія весці"