У Віцебску прайшлі ўрачыстасці ў гонар 30-годдзя аднаўлення біскупскай кафедры

Трыццаць гадоў таму ў Віцебскай вобласці была адноўлена епіскапская кафедра. Нядаўна ў гонар гэтага вялікага свята адбылася Боская літургія з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла і архіпастыраў з Беларусі і Расіі.

Юбілей супаў з такім жа тэрмінам архіерэйскай хіратоніі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя, які быў прызначаны кіруючым архіерэем епархіі ў 1992 годзе.

Для Віцебшчыны гэтая дата значная. Да 1989 года на яе тэрыторыі заставалася 9 ацалелых храмаў, а службы вялі ўсяго 12 свяшчэннаслужыцеляў. За час дзейнасці епархіі было пабудавана і адноўлена каля 200 цэркваў. Архіепіскап Дзімітрый успомніў, як ішло будаўніцтва Свята-Успенскага сабора, колькі людзей было ўцягнута ў добрую справу і як мясцовыя ўлады дапамагалі Беларускай праваслаўнай царкве.

Як у доме няма ладу і соладзі, калі ў ім адсутнічае гаспадар, так і ў сэрцы чалавека – міру і любові, калі ў ім няма Госпада, падкрэсліў Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Павел. Для вернікаў важна прыходзіць у храм, мець зносіны з Богам. Мітрапаліт адзначыў, што Віцебская епархія мае багатую гісторыю, і толькі гады пераследу свяшчэннаслужыцеляў на доўгі час перапынілі чараду добрых спраў. Але ўжо цяпер бачныя вынікі яднання людзей, улады і царквы.

– У сэрцы, адкрытыя толькі Богу, не можа пракрасціся зло, – сказаў мітрапаліт Павел. – З божай дапамогай мы здольныя здзяйсняць вялікія справы, у яднанні наша сіла. Разам з Богам мы можам супрацьстаяць не толькі спакусе, але і нядобразычліўцам. Святое слова напоўнена мудрасцю, да яго трэба прыслухоўвацца, каб пазбягаць войнаў, канфліктаў. Бог ёсць любоў, хай яна будзе з намі.

На святочным богаслужэнні намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін уручыў уладыку Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў. Ён пажадаў епархіі росквіту, а прыхаджанам – дабра і дабрабыту.

Даведка «ВВ»

Віцебская епархія аб'ядноўвае 11 раёнаў, у складзе якіх – 21 благачынны акруга, больш за 170 прыходаў. У епархіі дзейнічаюць тры навучальныя ўстановы – Віцебская духоўная семінарыя і жаночае духоўнае вучылішча, а таксама Аршанскае духоўнае вучылішча. На яе тэрыторыі размешчаны шэсць манастыроў – два мужчынскія і чатыры жаночыя.

"Віцебскія весці".