У Віцебску прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню выратавальніка і 25-годдзю органаў і падраздзяленняў па НС

В Витебске прошли торжественные мероприятия, посвященные Дню спасателя и 25-летию органов и подразделений по ЧС
Урачыстая прысяга, уручэнне ключоў ад арэндных кватэр і новай аварыйна-выратавальнай і іншай тэхнікі – у Віцебску прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню выратавальніка і 25-годдзю органаў і падраздзяленняў па НС, якія адзначаюць 19 студзеня.

На вуліцы Пушкіна ў Віцебску, нягледзячы на снежнае надвор'е, сёння было не праштурхнуцца, бо павіншаваць прызыўнікоў і работнікаў МНС з надыходзячым прафесійным святам і юбілеем прыйшло нямала ганаровых гасцей.

Сярод іх былі не толькі самі выратавальнікі, у тым ліку начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Сяргей Мелешкін, ветэраны органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, але і прадстаўнікі абласной і гарадской улады – першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Ліневіч, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, старшыня Віцебскага гарвыканкама Генадзь Сабыніч, кіраўнікі сілавых структур Віцебскай вобласці, святары Віцебскай Епархіі.

Стартам урачыстага мерапрыемства стала прысяга. У гонар 25-годдзя органаў і падраздзяленняў па НС 25 работнікаў, прынятых на працу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці, прысягнулі на вернасць Беларусі, прафесіі і народу.

Звяртаючыся да новабранцаў, Сяргей Мелешкін падкрэсліў, што сёння МНС – гэта аператыўнае ведамства, якое выконвае спектр шырокіх задач, як па выратаванні людзей, так і па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. А таксама выказаў упэўненасць, што шырокія магчымасці і тэхнічны патэнцыял дазволяць МНС і ў далейшым паспяхова рэалізоўваць сябе як дзяржаўны орган.

– Сёння вы вымаўляеце важныя словы, якія павінны ўвасобіць у дзеянне на службе і ў жыцці. Наша галоўная задача – прыносіць карысць людзям, сваёй Айчыне, – адзначыў Сяргей Мелешкін. – Жадаю, каб кожны з вас імкнуўся стаць генералам, стараўся дапамагаць людзям, як падчас адпачынку, так і выязджаючы на надзвычайныя сітуацыі. Галоўнае, што сёння мае служба МНС – гэта давер народа, які мы з вамі павінны захаваць і прымножыць.

Для навабранцаў і іх блізкіх прысяга стала вельмі хвалюючай і значнай падзеяй. Напрыклад, інспектар прапаганды Гарадоцкага РАНС Настасся Палясова з дзяцінства марыла стаць афіцэрам і толькі сёлета яе мара стала рэальнасцю.

– Сённяшні дзень для мяне вельмі кранальны і знакавы. Любоў да службы сваёй краіне і народу ва мне выхаваў тата, які быў палкоўнікам міліцыі. Да сваёй мары, стаць афіцэрам у МНС, я ішла з 2015 года, працуючы на розных грамадзянскіх пасадах, і толькі сёлета буду святкаваць Дзень выратавальніка ў гэтым званні, – расказала Настасся Палясова.

Яшчэ адной знакавай падзеяй вечара стала ўручэнне ключоў ад новых аўтамабіляў і аварыйна-выратавальнай тэхнікі кіраўнікам рэгіянальных падраздзяленняў МНС Віцебшчыны.

– МНС заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі чалавек трапляе ў цяжкую сітуацыю, але ў рэжыме рэальнага часу вельмі цяжка абысціся без рыштунку, які з'яўляецца асновай для бяспекі нашых людзей. Таму сёння, рашэннем аблвыканкама мы перадаем тэхнічныя сродкі, якія ў умелых руках выратуюць не адно чалавечае жыццё, – падкрэсліў Анатоль Ліневіч.

Цяпер 10 легкавых Geely Emgrand 7 з'явяцца ў ПАСА «Віцязь», вытворча-тэхнічным цэнтры УМНС, РАНС Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Дубровенскага, Лёзненскага, Чашніцкага, Талачынскага, а таксама ГРАНС Полацкага і Аршанскага раёнаў. Віцебскі ГРАНС і Сенненскі РАНС сталі ўладальнікамі двух аўтацыстэрнаў АЦ-10,0, РАНС Талачынскага і Шумілінскага раёна атрымалі на ўзбраенне дзве аўталесвіцы АЛ-30. Аўтамабільны парк вытворча-тэхнічнага цэнтра УМНС папоўніўся мікрааўтобусам, а ПАСА «Віцязь» - аўтамабілем медыцынскай службы.

На гэтым падарункі для ратавальнікаў не скончыліся. Сяргей Леўковіч уручыў 8 работнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны ключы ад новых арэндных двухпакаёвых кватэр у Віцебску.

– Безумоўна, бяспека насельніцтва з'яўляецца адным з галоўных напрамкаў палітыкі нашай дзяржавы. У гэты перадсвяточны дзень, я хачу адзначыць найвышэйшы ўзровень працы МНС і абласнога ўпраўлення, у прыватнасці. Вы з гонарам выконваеце свой службовы абавязак і забяспечваеце бяспеку насельніцтва ўсёй вобласці, – падкрэсліў Сяргей Леўковіч. – Мне вельмі прыемна выканаць такую ганаровую місію і ўручыць вам ключы ад 8 арэндных кватэр. У мінулым годзе іх было пабудавана 46, а сёлета плануецца будаўніцтва яшчэ 108 кватэр для работнікаў абласнога ўпраўлення. Поспехаў вам жадаю, каб вашы сем'і толькі пашыраліся, а ў новых кватэрах панаваў мір, утульнасць і ўзаемаразуменне.

Як адзначыў старшы інструктар-ратавальнік ПАСЧ-4 Віцебска Сяргей Радзішэвіч, які прыйшоў на мерапрыемства разам з жонкай Алінай і сынам Ягорам, арэндная кватэра стала доўгачаканым падарункам для іх сям'і. У чарзе на атрыманне арэнднага жылля яны стаялі з 2021 года.

– Я вельмі рады, што ёсць такая магчымасць, дзякуючы Указу нашага Прэзідэнта, атрымаць арэнднае жыллё, – адзначыў Сяргей Радзішэвіч. – Я ўдзячны дзяржаве і абласному ўпраўленню МНС за магчымасць выхоўваць сваіх дзяцей і служыць на карысць народа і нашай краіны.

Фіналам урачыстых мерапрыемстваў стала цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў МНС да 25-годдзя органаў і падраздзяленняў па НС, якая адбылася ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.





"Віцебскія весці"