Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Віцебску адбылося ўшанаванне дзяржаўных сімвалаў

В Витебске прошло торжественное чествование государственных символов
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага герба, сцяга і гімна Рэспублікі Беларусь, з удзелам прадстаўнікоў органаў улады, ветэранаў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і навучальных устаноў горада прайшло на пляцоўцы каля Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя ордэна Дружбы народаў. Патрыятычнае свята натхніла віцябчан задумацца пра сур'ёзныя рэчы, а таксама дазволіла адчуць сапраўднае народнае адзінства.

– Для кожнага з нас дзяржаўная сімволіка мае асаблівае значэнне, – адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Ліневіч. – Ушаноўваючы беларускі герб, сцяг і гімн, мы аддаём даніну павагі гераічнай гісторыі краіны, прысягаем на вернасць Радзіме ў сучаснасці і выказваем гатоўнасць усвядомлена будаваць нашу будучыню.

Наўрад ці віцябчане ў гэты дзень будуць сумаваць. У рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўнаму святу, у горадзе пройдзе мотапрабег. Каля 400 яго ўдзельнікаў стартуюць апоўдні на Бешанковіцкай шашы, праедуць па цэнтральных вуліцах і праспектах абласнога цэнтра, а таксама прымуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да Вечнага агню на плошчы Перамогі.

Пасля гэтага ўдзельнікі мотапрабегу падтрымаюць акцыю ГА «БРСМ» «Фота з родным сцягам» і разам з маладымі актывістамі разгорнуць 12-метровы сцяг Рэспублікі Беларусь на схіле Заходняй Дзвіны.

Затым мотакалона накіруецца ў комплекс культурна-масавага адпачынку ім. Савецкай арміі, дзе ў 14.00 пачнецца займальная канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў Цэнтра культуры «Віцебск», запальных барабаншчыкаў «Baraband» і гурта «Seca Band», любімага прыхільнікамі рускага року. У парку будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, фудкорты, выстава матацыклаў, атракцыёны.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"