У Віцебску прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае чарговай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
— Перамога — святы сімвал вернасці радзіме, стойкасці і мужнасці беларускага народа, які жыве ў кожным з нас, — сказаў кіраўнік гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч. — Раз'яднанасць краін у першай палове ХХ стагоддзя, іх узаемныя падазрэнні і ідэалагічная канфрантацыя не дазволілі прадухіліць вайну. Чалавецтву давялося заплаціць за гэта непамерную цану — мільёны забітых людзей, сотні тысяч сірот і скалечаных лёсаў. Таму мы перадаём з пакалення ў пакаленне памяць пра тыя падзеі, каб не дапусціць іх паўтарэння. У нашых сем'ях беражліва захоўваюць фатаграфіі і баявыя ўзнагароды, берагуць і перачытваюць пісьмы франтавікоў, успамінаем тых, хто гераічна трымаў удар агрэсара. Гэта частка нашай нацыянальнай самасвядомасці.
За гады вайны нашы дзяды і прадзеды вытрывалі жахлівыя пакуты, былі пазбаўленыя простых чалавечых радасцяў. Беларусь у ваеннае ліхалецце пацярпела як ніводная іншая краіна. Рэспубліка першай узяла на сябе ўдар захопніка, стаўшы жывым шчытом Радзімы. Гераічнае супраціўленне пачалося з першых дзён і працягвалася да вызвалення — беларусы змагаліся на франтах, у партызанскіх злучэннях і падполлі. Сярод іх нямала Герояў Савецкага Саюза. На жаль, у гэтай барацьбе наша дзяржава страціла кожнага чацвёртага жыхара, а Віцебшчына — кожнага трэцяга. Былі разбураны гарады, спалены тысячы вёсак, прычым дзясяткі — не аднойчы.
Памяць загінулых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
Пасля Перамогі беларусы ўзяліся за аднаўленне роднага краю, яго народнай гаспадаркі. Ім гэта ўдалося зрабіць у найкарацейшыя тэрміны. Таму сёння мы жывём у моцнай і незалежнай Беларусі, якая захоўвае і прымнажае дасягненні продкаў.
"Віцебскія весці".