У Віцебску праходзіць дабрачынны марафон «15 добрых спраў»
Як паведамілі ў гарадскім камітэце БРСМ, стартаваў марафон 4 верасня. У спісе з пятнаццаці пунктаў – дапамога тым, хто ў ёй мае патрэбу. Гэта аказанне адраснай дапамогі былому выкладчыку ВДУ, некаторым шматдзетным сем'ям, свята для выхаванцаў Дзіцячага дома горада Віцебска, для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Першамайскага раёна, добраўпарадкаванне тэрыторыі храмаў Андрэя Первозваннага і Святой Таццяны, яслі-сада №7, алеі 85-годдзя ЛКСМБ у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Таксама моладзь прыме ўдзел у акцыі «Здай кроў – выратуй чыйсьці свет» і арганізуе дабрачынную акцыю ў Віцебскім прытулку для бяздомных жывёл.
Акрамя таго, у межах 15-годдзя 6 верасня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі абласны камітэт БРСМ правядзе своеасаблівую сустрэчу пакаленняў. Падчас «адкрытага дыялогу» «15 гадоў разам» лідары арганізацыі розных гадоў разам з сённяшнімі актывістамі абмяркуюць асноўныя дасягненні і вынікі працы, падзеляцца планамі і перспектывамі. Там жа размешчана экспазіцыя, якая распавядае пра станаўленне, развіццё і дасягненні Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ.
Вольга Маслоўская, фота аўтара. «Віцебскія весці».