У Віцебску праходзіць міжрэгіянальная ўніверсальная выстава-кірмаш «Індустрыя прыгажосці».
Доўгачаканая, няхай пакуль толькі каляндарная, вясна нагадвае: прыйшла пара прачынацца ад зімовага сну і наводзіць бляск. А надыходзячы Міжнародны жаночы дзень заклікае адпраўляцца за падарункамі для каханых. Вырашыць адразу гэтыя дзве задачы дапаможа міжрэгіянальная ўніверсальная выстава-кірмаш «Індустрыя прыгажосці», якая адкрылася ўчора ў Канцэртнай зале «Віцебск». Зрэшты, яе арганізатары – Віцебскі гарвыканкам сумесна з ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу» – пазабавіліся і на адукацыйнай праграме для прадпрымальнікаў.
У дзень адкрыцця прайшлі семінары «Выгадны франчайзінг», «Нерухомасць для вашага бізнесу» з удзелам фонду «Віцебскаблмаёмасць», а таксама «Садзейнічанне развіццю прадпрымальніцтва», які правялі прадстаўнікі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Віцебскага гарадскога цэнтра занятасці насельніцтва. І гэта немалаважна, бо ў індустрыі прыгажосці істотную ролю адыгрываюць прыватныя прадпрыемствы, заўважыў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Валянцін Цветкаў.
На кірмашы, які працягнецца да 3 сакавіка, можна набыць падарункі і сувеніры ручной працы да свята, а таксама парадаваць сябе новымі ўборамі і моднымі аксэсуарамі. Вясна – пара кахання, так што можна прыгледзецца і да вясельнай сукенкі ад вядучых віцебскіх салонаў. Вясельнае дэфіле ў рамках выставы праходзіць сёння, як і першы ў Беларусі конкурс па нарошчванні павек. Яго пераможцы стануць удзельнікамі міжнароднага дабрачыннага чэмпіянату па нарошчванні павек «Калібры ФЭСТ», які адбудзецца ў Маскве. Тым часам візажысты здзіўляюць наведвальнікаў створанымі вобразамі «Вясна ў колерах», а мадэльеры – калекцыямі стыльнага жаночага, дзіцячага і юнацкага адзення.
На мерапрыемстве таксама былі падведзены вынікі працы прадпрыемстваў і арганізацый па развіцці і прасоўванні брэндаў айчынных вытворцаў на беларускім і замежным рынках. Лепшымі прызнаны ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», РПУП «Віцебскі футравы камбінат», ЗАТ Аршанская фірма «Світанак», КУП «Пастаўскі райбыткамбінат». Акрамя таго, за актыўную творчую пазіцыю адзначаны дырэктар студэнцкага Дома моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Кацярына Петкевіч і мастак-мадэльер Ірына Юрчанка, калектыў Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці. Узнагародамі заахвочана актыўная праца па павышэнні прэстыжу прафесіі ЧПТУП «БелОксіС», цэнтр прыгажосці «Дар'я» і ВДТУ.
Як адзначыла намеснік старшыні гарвыканкама Зінаіда Каралёва, Віцебск – не толькі фестывальная сталіца, але апошнімі гадамі і цэнтр разнастайных выстаў, кожная з якіх мае свой фармат. Але ідэя гэтага мерапрыемства асаблівая, бо гаворка ідзе пра прыгажосць, якая, як вядома, непераможная.
…Бурбалкі з духамі, слоічкі з крэмамі, біжутэрыя, рукатворныя сумачкі, вязаныя сукенкі і лёгкія шалікі… Вы ўсё яшчэ гэта чытаеце? Можаце не паспець на кірмаш прыгажосці!
Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «Віцебскі рабочы». Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.