У Віцебску праходзіць абласны этап рэспубліканскага турніру па робататэхніцы

В Витебске проходит областной этап республиканского турнира по робототехнике
Робат-ратавальнік, аркeстр робатаў, шоў-казка пра Чырвоны Шапачку – гэтыя і іншыя праекты прадстаўлены на абласным этапе рэспубліканскага турніру па робататэхніцы, які праходзіць у Віцебску.

У турніры па робататэхніцы прымаюць удзел 116 дзяцей. Гэта тэхнічна падрыхтаваныя вучні школ і ўстаноў дадатковай адукацыі з Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка, а таксама з Бешанковіцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Росанскага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў.

Розумнымі машынамі Ямельян Брыль з Полацка захапляецца ўжо чатыры гады. Ён стварыў робата-ратавальніка, які будзе дапамагаць МНС у розных экстрэмальных сітуацыях. Задача робата – стаць максімальна праходным і дапамагчы чалавеку.

– Напрыклад, здарыўся абвал даху, разбурыўся дом, адбылося землетрасенне або чалавек не можа пракрасціся ў цяжкадаступныя ці радыеактыўныя месцы. Робат можа ехаць па лясной дарозе, пераскочыць траву, камяні або шышкі. А калі чалавек трапіў пад завал пры абрушэнні будынка, робат даставіць неабходныя лекавыя прэпараты, – расказала педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Васіліна Брыль.

Вучні СШ № 2 Дуброўна стварылі сапраўдны робааркестр, які выконвае сем мелодый. Робаты граюць, напрыклад, на бляшаных банках, цымбалах і металафоне, бразготка і іншых інструментах. І, вядома, усіх іх аб'ядноўвае робат-дырыжор.

Як паведаміла загадчыца сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Нарубіна, рабяты будуць спаборнічаць у дзесяці катэгорыях: ROBBO, «Аўтаномныя паветраныя апараты», «Вялікае падарожжа», «Слядаванне па лініі», «Футбол кіраваных робатаў 3х3», «Эстафета», «Інтэлектуальнае сумо 15х15», «Зборка і праграмаванне Lego WeDo», «Зборка і праграмаванне Lego WeDo 2.0», «Шоу з робатамі». Па выніках турніру будзе сфарміравана зборная каманда Віцебскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскага турніру па робататэхніцы, які адбудзецца 26–27 красавіка ў Жлобіне Гомельскай вобласці.

Таксама пераможцы і прызёры турніру, якія з’яўляюцца навучэнцамі 8–10-х класаў, пры рэгістрацыі на навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку на падставе дыплома будуць аўтаматычна дапушчаны да другога-трэцяга этапаў адбору навучэнцаў. З 15 па 29 красавіка будзе адкрыты прыём заявак на вераснёўскую адукацыйную змену.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"