У Віцебску праходзіць выстава латвійскай мастачкі з беларускімі каранямі
У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адкрылася выстава жывапісу латвійскай мастачкі з беларускімі каранямі.
Ганна Пейпіня родам з Магілёўскай вобласці, скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча, а ў 1977 годзе пераехала ў Латвію, якая стала для яе другім родным домам. Тут яна адбылася як творчая асоба, яе прынялі ў Саюз мастакоў Латвіі (першую прадстаўніцу Беларусі пасля распаду СССР). Ганна таксама ўваходзіць у аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар».
Каля 10 гадоў таму Ганна Пейпіня прымала ўдзел у калектыўнай выставе латвійскіх мастакоў у музеі Марка Шагала ў Віцебску. Цяперашняя ж экспазіцыя больш шырока знаёміць з творчасцю рыжанкі з беларускімі каранямі і праходзіць у межах праекта
«Вяртанне імёнаў на радзіму». На ёй прадстаўлена каля 30 работ, выкананых за 15 гадоў. У асноўным гэта пейзажы, нацюрморты і прасторавыя кампазіцыі, якімі аўтар займаецца на працягу апошніх 10 гадоў.– Мяне хвалюе тэма духоўных пошукаў. Кожная лінія, фігура, светлавое пляма, афарбоўка нясуць пэўны сэнс і вобраз. У карціны трэба ўгледзецца, і тады яны
«адкрываюцца» перад гледачом, становяцца яго суразмоўцам, – тлумачыць мастачка.Адна з яе знакавых работ называецца
«Партал». Аўтар лічыць, што мастацтва праводзіць чалавека праз лабірынт паўсядзённай мітусні да спазнання самога сябе, дапамагае знайсці шлях да сапраўдных каштоўнасцей жыцця. Партал – гэта брама, уваход у свет духоўнасці.Персанальныя выстаўкі Ганны Пейпіні праходзілі ў Рызе, іншых гарадах Балтыі, Парыжы. Цяпер з гэтым самабытным аўтарам, у творчасці якога зліліся ўражанні, назапашаныя ў Беларусі, з імпульсамі, знойдзенымі ў культуры і прыродзе Латвіі, маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца жыхары і госці Віцебска. Выстаўка працягнецца да 13 верасня.
Таццяна ПАСТЭРНАК, "Віцебскія весці". Фота аўтара.