У Віцебску праходзіць XVI рэспубліканскі конкурс «Энергамарафон»
30 сакавіка адбудзецца цырымонія ўшанавання пераможцаў заключнага этапу конкурсу. Сярод іх – школьнікі віцебскай установы адукацыі, дзе на працягу дзесяці гадоў дзейнічае дзіцяча-дарослая ініцыятыва педагогаў і навучэнцаў «Разам ярчэй», якая транслюе інавацыйныя ідэі энергазберажэння.
Больш таго, створаны сайт «Прыдзвінская акадэмія энергазберажэння» – школьная мадэль дзеяння, якая з'яўляецца ўніверсальнай структурай для эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу па фарміраванні кампетэнцый у галіне энерга- і рэсурсазберажэння. Яе місія – у адзіным імкненні да энергаэфектыўнасці, што дае ўпэўненасць у будучыні.
Гэта пацвердзілі і новыя адукацыйныя пляцоўкі «Энергаварта», «Энергастарт», «Энергастыль». Напрыклад, з мэтай аптымізацыі спажывання і навучання школьнікаў рацыянальнаму выкарыстанню ўсіх відаў энергіі на базе СШ № 12 рэалізаваны і паспяхова ўкаранёны праграмна-тэхнічны комплекс «Энергаварта». Прасцей кажучы, гэта ўкараненне элементаў разумнай школы, якая ўключае дыміруемыя святлодыёдныя свяцільні для вонкавага асвятлення, кантроль за станам мікраклімату, аптымізацыю спажывання гарачага і халоднага водазабеспячэння, ацяплення. Па папярэдніх дадзеных, гэта дазволіць эканоміць да 20 % усёй энергіі, якая выкарыстоўваецца школай.
Хлопцы змогуць штодня маніторыць сітуацыю і збіраць дадзеныя для навукова-даследчых работ, што будзе спрыяць фарміраванню ў іх беражлівага падыходу да рэсурсаў.
Знакавай лічыцца пляцоўка «Энергастарт» – гэта рэсурсны цэнтр па энергазберажэнні, дзе вучні змогуць карыстацца базай для даследчых работ, рэалізоўваць сумесныя праекты ў сістэме «педагог–вучань–бацька». У межах праекта «Чыстая энергія» ў школе выраблены інтэрактыўныя матывацыйныя стэнды па альтэрнатыўнай энергетыцы. Стэнды створаны з другасных матэрыялаў удзельнікамі майстэрні «Энергетыка будучыні».
Школьнікі «заточаны» на пазітыўныя мадэлі і практыкі па эфектыўным выкарыстанні энергурэсурсаў. «Энергастыль» праглядаецца ў стварэнні настольнай гульні «Энерга-Лэнд», выкарыстанні лічбавых тэхналогій на прыпынках грамадскага транспарту «Прыпынак будучыні», элементах разумнага дома «SМART-сістэма для школьнага будынка», энергазберагальных гадзінах «Час беражлівых» і ў іншых распрацоўках.
Усхваляваны інавацыйнымі ідэямі, якія маюць практычнае прымяненне, Вячаслаў Дурноў напуціў рабят не спыняцца на дасягнутым і ісці наперад.