У Віцебску работнік ветэрынарнай службы асуджаны за бяздзейнасць
У Віцебску работнік ветэрынарнай службы асуджаны па артыкуле "Бездзеянне ўлады". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшы оперупаўнаважаны ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксей Ігнаткоў.
Факты бяздзейнасці работніка ветэрынарнай службы былі выяўлены супрацоўнікамі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС і УУС аблвыканкама. Выяўлена, што саракавасьмігадовы жыхар Віцебска, у чые службовыя абавязкі ўваходзіла арганізацыя кантролю за ветэрынарна-санітарнай якасцю прадуктаў на рынках і іншых месцах гандлю, у красавіку-маі 2013 года наўмысна, з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, у парушэнне інтарэсаў ветэрынарнай службы і заканадаўчых актаў не прыняў мер па недапушчэнні да рэалізацыі на Смаленскім калгасным рынку вэнджаных мясных прадуктаў хатняга прыгатавання.
Пераследуючы карыслівыя мэты, уступіўшы ў змову з асобамі, якія займаліся хатнім вэнджаннем мясапрадуктаў, ён спрыяў допуску іх прадукцыі да рэалізацыі насельніцтву, а таксама аказваў садзейнічанне ў афармленні падробленых дакументаў аб якасці прадуктаў. Па фальшывых пасведчаннях якасці мясныя прадукты выдаваліся за прадукцыю вытворчага вэнджання. Дакументы завяраліся штэмпелем аб правядзенні ветэрынарнага агляду староннім прадпрыемствам гандлю, што вызваляла прадукцыю ад праходжання ветэрынарнага агляду непасрэдна ў санітарнай лабараторыі рынку.
Па фактах злачыннай дзейнасці быў узбуджаны шэраг крымінальных спраў: у дачыненні да службовай асобы ветслужбы па ч.2 арт. 425 КК (бяздзеянне службовай асобы), у дачыненні да шасці астатніх фігурантаў па арт.380 КК (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штэмпеляў, пячатак, бланкаў).
Судом Кастрычніцкага раёна Віцебска былы работнік ветэрынарнай службы асуджаны да адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады з адтэрміноўкай выканання пакарання на той жа тэрмін, пазбаўленнем права займаць аналагічныя пасады і штрафам у памеры 100 базавых велічынь. Астатнім шасці абвінавачваным, якія былі прызнаны вінаватымі ў выкарыстанні загадзя падробленых дакументаў, прызначаны пакаранні ў выглядзе штрафу ў памеры ад 130 да 200 базавых велічынь. Прыгавор уступіў у законную сілу.
Алена Ціханава