У Віцебску раскрыты падрабязнасці аб міжнароднай злачыннай групе, якая перапраўляла нелегалаў у ЕС
У Віцебску раскрыты падрабязнасці аб міжнароднай злачыннай групе, якая перапраўляла нелегалаў у краіны ЕС. Аб новых фактах распавёў сёння на брыфінгу начальнік 7-га ўпраўлення па Віцебскай вобласці ГУБАЗіК МУС Сяргей Калантаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У сакавіку 2013 года ва ўпраўленне па Віцебскай вобласці галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС паступіла аператыўная інфармацыя аб міжнароднай злачыннай групе, датычнай да арганізацыі нелегальнага вывазу з Расійскай Федэрацыі праз тэрыторыю Беларусі ў краіны Еўрасаюза грамадзян В'етнама, Афганістана, Ірака і іншых дзяржаў з павышанай тэрарыстычнай актыўнасцю. У склад злачыннай групы ўваходзілі грамадзяне Расіі, Беларусі, Літвы.
У выніку сумеснай аперацыі супрацоўнікамі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй па Віцебскай вобласці МУС Беларусі, Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы, Полацкага пагранатрада 22 красавіка на АЗС, размешчанай у вёсцы Хамякова Гарадоцкага раёна, быў затрыманы жыхар Маскоўскай вобласці (грамадзянін Беларусі 1991 г.н.) і яго 24-гадовы пасобнік (жыхар Віцебскай вобласці). Яны арганізавалі незаконны ўезд з Расіі на тэрыторыю Беларусі шасцярых грамадзян В'етнама і двух грамадзян Афганістана і ў гэты ж дзень планавалі пераправіць нелегалаў далей у Літву праз участак беларуска-літоўскай мяжы ў Браслаўскім раёне.
У дачыненні да затрыманых 23 красавіка ўпраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 371-1 КК, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Накладзены арышт на аўтамабілі, на якіх перавозіліся нелегалы.
За забеспячэнне перапраўкі нелегалаў у Літву жыхар Маскоўскай вобласці плаціў беларускаму пасобніку па $800 за кожнага.
У цяперашні час УБОЗ і УСК па Віцебскай вобласці, узаемадзейнічаючы са Службай аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы, службай аператыўнай дзейнасці Полацкага пагранічнага атрада праводзяць неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні па ўстанаўленні дачынення затрыманых да іншых фактаў перакідання нелегалаў у краіны Еўрасаюза, а таксама ўсіх удзельнікаў злачыннай групы.
"Ёсць інфармацыя, што затрыманыя, а таксама іх саўдзельнікі ў Літве і Расіі з пачатку 2013 года ўжо ўвозілі на тэрыторыю Беларусі групы нелегальных мігрантаў, дзве з якіх у колькасці 12 чалавек (10 грамадзян В'етнама, 2 - Афганістана) затрымліваліся на тэрыторыі Літвы", - адзначыў Сяргей Калантаеў. Па яго словах, чакаецца ўзбуджэнне новых крымінальных спраў у дачыненні да іншых удзельнікаў міжнароднай злачыннай групы, у тым ліку тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі.