У Віцебску разгледжаны прычыны парушэнняў заканадаўства пры прыватызацыі жылля
На сумесным пасяджэнні калегій пракуратуры Віцебскай вобласці і Камітэта дзяржаўнага кантролю разгледжаны прычыны парушэнняў заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканняў
Пракуратурай Віцебскай вобласці надаецца пастаянная ўвага абароне сацыяльных правоў грамадзян, у тым ліку пры прыватызацыі жылых памяшканняў. Праведзеныя ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці праверкі паказалі, што ў 2013-2014 гг. мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праведзена прыватызацыя больш чым 31 тысячы аб'ектаў нерухомасці, пры гэтым не заўсёды выконваліся нормы заканадаўства ў гэтай важнай сферы.
У прыватнасці, насуперак патрабаванням арт.136 ЖK Рэспублікі Беларусь тэрытарыяльнымі выканкамамі не выконваўся месячны тэрмін разгляду заяў грамадзян аб прыватызацыі жылых памяшканняў (г.Наваполацк, Аршанскі, Лёзненскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Полацкі раёны).
Паўсюдна выяўлены парушэнні патрабаванняў Палажэння аб вызначэнні кошту аб'ектаў прыватызацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2013 №421. У выніку, пры ацэнцы жылых памяшканняў, што падлягаюць прыватызацыі, няправільна вызначаўся кошт аб'ектаў нерухомасці, тым самым парушаліся маёмасныя правы грамадзян, якія ўдзельнічаюць у прыватызацыі.
Дапускаліся факты няправільнага прымянення агульнага індэкса змены кошту будаўніча-мантажных работ, няправільна прымяняліся каэфіцыенты спажывецкіх якасцей жылых памяшканняў, няправільна вызначалася плошча аб'ектаў, што падлягаюць прыватызацыі (г.Віцебск, Бешанковіцкі, Лепельскі, Полацкі, Сенненскі, Талачынскі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі і іншыя раёны).
Дадзеныя парушэнні цягнулі за сабой як завышэнне, так і заніжэнне кошту жылых памяшканняў, што прыватызуюцца грамадзянамі.
У г.Полацку ўстаноўлены выпадкі прыняцця рашэнняў аб прыватызацыі жылых памяшканняў у жылых дамах, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, без падпісання грамадзянамі-удзельнікамі прыватызацыі ахоўных абавязацельстваў.
У многіх рэгіёнах рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб прыватызацыі жылых памяшканняў прымаліся пры адсутнасці неабходных дакументаў, прадугледжаных заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.
У гарадах Віцебску, Наваполацку, а таксама Віцебскім, Аршанскім, Полацкім раёнах адсутнічаў належны кантроль за своечасовым паступленнем у бюджэт сродкаў ад прыватызацыі.
Не прымаліся належныя меры па спагнанні пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце чарговых унёскаў за прыватызуемае жыллё або скасаванні дагавораў куплі-продажу ў судовым парадку.
Таксама пракурорамі і спецыялістамі дзяржкантролю ўстаноўлены іншыя парушэнні заканадаўства аб прыватызацыі.
Па выніках наглядовых мерапрыемстваў пракурорамі старшыням гаррайвыканкамаў унесена 21 прадстаўленне, прынесена 20 пратэстаў на рашэнні выканкамаў аб прыватызацыі жылля. Усяго за дапушчаныя парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 38 службовых асоб гаррайвыканкамаў і арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Вынікі праверкі разгледжаны на сумесным пасяджэнні калегій пракуратуры вобласці і Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, падчас якога заслуханы справаздачы кіраўнікоў органаў выканаўчай улады і вызначаны механізмы, накіраваныя на ўстараненне выяўленых парушэнняў заканадаўства. Адначасова пастаўлена пытанне аб адказнасці шэрагу службовых асоб, якія дапусцілі бескантрольнасць за працай падначаленых.
Начальнік арганізацыйна-кантрольнага
аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці
старшы саветнік юстыцыі І.Н.Багачоў