У Віцебску з візітам пабываў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі
З першым, азнаямленчым, візітам у Віцебску пабываў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Падчас сустрэчы кіраўніка дыпмісіі суседняя дзяржавы са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Церанцьевым былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва.
Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што наша вобласць і Польшча паспяхова ўзаемадзейнічаюць у многіх сферах. Польшча – адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Віцебскай вобласці, таваразварот вобласці з заходнімі суседзямі Беларусі стаіць на трэцім месцы, саступаючы Расіі і Нідэрландам, прычым экспарт значна вышэйшы за імпарт.
– На Віцебшчыне працуюць 40 прадпрыемстваў з польскім капіталам, сярод іх такія буйныя, як «Мадэрн-экспа», якое займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй гандлёвага, складскога і абсталявання для харчовай прамысловасці. Толькі летась польскія інвестары ўклалі ў эканоміку рэгіёна каля 3 млн долараў, – падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.
Уладзімір Уладзіміравіч таксама дадаў, што 8 раёнаў Віцебшчыны маюць партнёрскія адносіны з 10 рэгіёнамі Польшчы. У апошнія гады рэалізавана нямала праектаў у сферы адукацыі, культуры, спорту.
Летась зборная Польшчы па лыжным спорце, у якую ўваходзіць двухразовая алімпійская чэмпіёнка Юсціна Кавальчык, трэніравалася на лыжаролернай трасе ў Гарадку. У 2017-м з удзелам польскага боку была адкрыта парусная школа ў Браславе, а летась – там жа інтэрнат для спартсменаў і інструктараў. І ў будучыні, як адзначыў Артур Міхальскі, супрацоўніцтва ў гэтым напрамку будзе працягнута.
Дарэчы, пасол захапляецца яхценным спортам, сам любіць хадзіць пад ветразямі і ўжо прыглядаўся да воднай гладзі браслаўскіх азёр. Магчыма, ён іх апрабуе на надыходзячых «Дажынках», атрымаўшы запрашэнне Уладзіміра Церанцьева на свята працаўнікоў вёскі, якое пройдзе сёлета восенню ў Браславе.
На днях паміж Беларуссю і ПРААН быў падпісаны дакумент, які надае імпульс развіццю турыстычнай сферы ў нашай краіне. Польшча ў дадзеным праекце выступае асноўным донарам. Яго рэалізацыя, перакананы Артур Міхальскі, будзе спрыяць таму, што палякі па-новаму адкрыюць нашу краіну. Пэўныя крокі ўжо зроблены. У Міёрах у межах праекта «Польская дапамога» стварылі мабільны кемпінг, куды будзе прыязджаць і моладзь з Польшчы.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць садзейнічання ўстановам сацыяльнай абароны ў Віцебскім раёне.
– У нашых народаў шмат агульнага ў гістарычнай, культурнай спадчыне, мы блізкія адзін аднаму, – падкрэсліў кіраўнік дыпмісіі.
Артур Міхальскі прыняў удзел у адкрыцці ў Мастацкім музеі выставы работ польскага мастака Аляксандра Штурмана, які жыў у 1870 – 1940-х гадах. На ёй прадстаўлены карціны з калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку. Гэта свайго роду жывапісныя паштоўкі з падарожжаў аўтара па розных краінах, у цэнтры якіх архітэктура гарадоў, у першую чаргу – польскіх.
ТАТЬЯНА ПАСТЕРНАК, фота Антона Сцепанішчава, "Віцебскія весці".