У Віцебску шведскія прафесары правядуць дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры

У Віцебску шведскія прафесары мастацтвазнаўства правядуць дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры, паведаміла кіраўнік міжнароднага праекта "Гендар у візуальнай культуры" з боку Швецыі Ірына Хаўска.

Праект рэалізуецца шведскай мастацкай акадэміяй у Стакгольме і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. Прафесары Ула Лінд і Анетта Гетлунд, а таксама мастачка са ступенню магістра візуальнай культуры Ірына Хаўска выступяць 9-11 кастрычніка з адкрытымі лекцыямі ў Віцебску. Яны пройдуць на базе ВДУ імя П.М.Машэрава.

Лектары ў дынамічнай форме правядуць воркшопы (практычныя заняткі) і дыскусіі па гендарных пытаннях у візуальнай культуры, пазнаёмяць са сваімі даследаваннямі па дадзенай тэме, раскажуць аб успрыманні паднятай тэмы шведскімі студэнтамі.

Удзел у мерапрыемствах прымуць студэнты мастацка-графічнага факультэта ВДУ і навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

– Швецыя і Беларусь геаграфічна знаходзяцца блізка адна да адной, але, на жаль, нам не хапае супрацоўніцтва ў многіх галінах мастацкай практыкі. Дадзены праект і спрабуе выправіць гэта праз зносіны з маладымі творчымі людзьмі, будучымі выкладчыкамі мастацтва і культуры, – адзначыла Ірына Хаўска.

У адпаведнасці з праектам у далейшым плануецца арганізаваць выступленне выкладчыкаў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта для шведскай творчай моладзі.

БелТА. Фота з адкрытых крыніц.