У Віцебску адбылася агульнарэспубліканская прэм’ера дакументальна-ігральнага фільма «Культурны код»
Новая карціна нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» прымеркавана да Дня народнага адзінства. Першымі ў паўночнай сталіцы яе паглядзелі прадстаўнікі абласной і гарадской улады, грамадскіх арганізацый, а таксама школьнікі і студэнты.
Кароткаметражны фільм распавядае гісторыю двух герояў — аператара Вані і рэжысёра тэлебачання Лізы, якія ў якасці дыпломнай працы павінны зняць фільм пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Здымка дыпломнага праекта ператвараецца для рабят у займальнае і пазнавальнае прыгода: яны ўдзельнічаюць у аўтапрабегу да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на рарытэтным аўтамабілі, у акцыі «Засьпяваем гімн разам», наведваюць музеі і знаёмяцца з цікавымі экспертамі-суразмоўцамі.
У дакументальна-ігравой форме гледачам распавядаюць пра гісторыю стварэння дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, значэнне колераў, сімвалаў і слоў, якія выкарыстоўваюцца ў іх. Таксама шляхам апытанняў беларусаў раскрываюцца тэмы перспектыў для моладзі, любові да краіны і стаўлення людзей да дзяржсімвалаў.
Як адзначыла загадчыца Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Алена Бандарэва, жыхары паўночнага рэгіёна могуць ганарыцца тым, што гісторыя кожнага з галоўных дзяржаўных сімвалаў звязана з нашай вобласцю. Так, на сцягу намаляваны арнамент, вышыты ў 1917 годзе сялянкай з вёскі Касцелішча Сенненскага раёна Матрёнай Маркевіч, у гонар якой у 2015 годзе ў Сянне ўсталявалі помнік. У аснову герба нашай краіны пакладзены герб БССР, а праект гэтага дзяржсімвала распрацоўваў выкладчык Віцебскага мастацкага вучылішча Валянцін Волкаў. Прыцягвалі да працэсу і навучэнцаў установы. Музыку гімна напісаў ураджэнец Докшыцкага раёна Нестар Сакалоўскі. У аснову сучаснага гімна Рэспублікі Беларусь пакладзена музыка, якая выкарыстоўвалася ў гімне БССР.
Аўтарам фільма стаў малады рэжысёр Кірыл Халецкі, які адзначыў, што пры праглядзе кінастужкі кожны беларус знойдзе свой адказ на пытанне: «У чым жа заключаецца культурны код нашай краіны?»
– Мне вельмі спадабаўся фармат фільма. Дзякуючы таму, што ён не толькі дакументальны, але і мастацкі, было лёгка ўспрымаць сур'ёзныя тэмы, якія ўздымаліся ў кінастужцы, – адзначыла навучэнка віцебскай СШ №31 ім. Веры Хоружай Марыя Жукоўская. – Я даведалася больш пра гісторыю стварэння дзяржаўных сімвалаў, а яшчэ адкрыла для сябе значэнне чырвонага колеру ў сцягу. Думала, што ён сімвалізуе кроў, пралітую салдатамі за нашу свабоду ў Вялікай Айчыннай вайне, а аказалася, што чырвоны колер у тым ліку азначае сілу, мужнасць, высакароднасць і энергію нашага народа.
Пасля прагляду фільма кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска Уладзімір Белевіч выказаў упэўненасць, што кінастужка дакладна будзе запатрабавана не толькі ў моладзі, але і ў людзей старэйшага пакалення.
– Дзякуючы цікаваму спалучэнню гульнявога і дакументальнага кіно, фільм атрымаўся цэласным і даступнай мовай раскрыў важныя тэмы: пра значнасць дзяржаўных сімвалаў, стаўленне да іх беларускага народа, – падкрэсліў Уладзімір Белевіч. – Як нядаўна сказаў Прэзідэнт, будучы ў нас ва ўніверсітэце, трэба ўсё называць простымі словамі. Таму дадзены фільм з'яўляецца адным з інструментаў ідэалагічнай накіраванасці, які мы будзем выкарыстоўваць у рабоце з насельніцтвам.
Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын адзначыў, што фільм атрымаўся адначасова лёгкім і напоўненым важным сэнсам.
– 36 хвілін праляцелі незаўважна. Фільм не толькі раскрыў тэму гісторыі стварэння нашых дзяржаўных сімвалаў, іх значэнне, але і расказаў пра родную краіну, што тут трэба жыць і працаваць. Пра людзей, якія знаходзяцца побач з намі і ганарацца сваёй краінай, – сказаў Віктар Глушын. – Кінастужку будзе карысна і цікава ўбачыць абсалютна ўсім, бо яна дапамагае паглядзець на многія звыклыя рэчы па-новаму. Напрыклад, я ведаў гісторыю стварэння герба яшчэ з савецкіх часоў, але пра тое, што да гэтага датычны выкладчык Віцебскага мастацкага вучылішча Валянцін Волкаў, даведаўся толькі сёння. Гэта дазваляе мне яшчэ больш ганарыцца тым, што я віцяблянін.
«Культурны код» можна будзе паглядзець у кінатэатрах Віцебска з 5 па 11 верасня.