У Віцебску адбылася першая дыялогавая пляцоўка

На першай дыялогавай пляцоўцы ў Віцебску, якая прайшла на базе ВДУ імя Пятра Машэрава, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, дэпутаты абмеркавалі канстытуцыйнае рэфармаванне і павышэнне ролі мясцовага кіравання і самакіравання.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксей Ягораў абазначыў:

– Як паказвае досвед не толькі нашай краіны, такія постулаты, як статус асобы, узаемаадносіны паміж грамадствам і дзяржавай, не варта мяняць у Канстытуцыі. А ёсць тэхнічныя моманты – пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў, прынцып падзелу ўлад, рэфармаванне судовай сістэмы і прызначэнне суддзяў.

Аляксей Уладзіміравіч упэўнены, што нормы Канстытуцыі павінны быць простымі і ўсім зразумелымі. А таксама мець прамое дзеянне – каб суды прымянялі іх наўпрост, без выкарыстання іншых прававых актаў.

Старшыня Віцебскага абласнога Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый Валерый Мацкевіч лічыць, што тэрмін з 2па 25 кастрычніка – занадта малы для ўнясення прапаноў па такім сур'ёзным пытанні. Яго падтрымалі і іншыя ўдзельнікі абмеркавання.


Рэформы канстытуцыйныя неадрыўна звязаны з рэформамі мясцовага кіравання і самакіравання. Аляксей Ягораў прапанаваў увесці ў заканадаўства паняцце «кіраўнічая памылка», якая б не каралася законам:

– Пакуль гэтага няма, будуць пладзіцца бюрократы, якія не хочуць браць на сябе адказнасць, чакаюць указання зверху.