У Віцебску адбылася сустрэча кіраўніцтва вобласці з ІП

В Витебске состоялась встреча руководства области с ИП
      У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ў сучасных эканамічных умовах.


      Што б там не сцвярджалі скептыкі, лёгкая прамысловасць нашай рэспублікі навучылася рабіць стыльныя і якасныя рэчы! Прынамсі, на выставе, якая папярэднічала падагульняючаму пасяджэнню, можна было ўбачыць лепшыя, практычна на ўзроўні вядомых еўрапейскіх брэндаў, узоры абутку, адзення, тэкстылю, дываноў, якія выпускаюць вядучыя прадпрыемствы гэтай галіны ў нашай вобласці і іншых рэгіёнах.

Але, як кажуць спецыялісты, адна справа — вырабіць, іншая — прадаць. Тут у гульню ўступаюць розныя фактары, і ў выніку на складах асядаюць звышлімітавыя запасы, а тое, што прадалося, прыносіць грошы толькі праз год-паўтара ад моманту іх укладання.

Ці могуць дапамагчы паскорыць гэты працэс індывідуальныя прадпрымальнікі, многія з якіх цяпер хварэбна перажываюць этап пераходу да продажу толькі сертыфікаванай прадукцыі? І як ідуць ім насустрач беларускія вытворцы, органы ўлады?

Ад­ка­зы на гэтыя пытанні разам шукалі ўдзельнікі мерапрыемства і падчас працы выстаўкі, і на пасяджэнні. Старшыня абл­вы­кан­кама Мікалай Шар­ст­нёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, намеснік старшыні абл­вы­кан­кама Алег Мацкевіч, першы намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Вячаслаў Мірусін зацікаўлена абмяркоўвалі тэму каля выста­вачных стэндаў як гасцей, так і гаспадароў — работнікаў ААТ «Сцяг індустрыялізацыі». Дырэктар прадпрыемства Андрэй Шамшура расказаў, што ўжо летась швейнікі пачалі шчыльна ўзаемадзейнічаць не толькі з беларускімі, але і расійскімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, 18 чалавек займаліся рэалізацыяй вырабаў і прадалі іх амаль на 800 мільёнаў рублёў. У 2016-м прадугледжваецца падвоіць, а то і па­т­раіць гэтыя вынікі. Прычым вытворца гатовы выслухоўваць і прымаць па­жа­дан­ні пра­даў­цоў, прадастаўляць скідкі, аддаваць прадукцыю на рэалізацыю з частковай перадплатай, а то і зусім без яе, шыць вырабы дробнымі серыямі па замове ІП і нават з іх матэрыялу.

Дырэктар ААТ «Віцебск­тэк­стыль­торг» Станіслаў Свір­коў­скі па­яс­ніў, што база ў гэты момант акумулюе і прапануе прадукцыю паўтары дзясятка беларускіх вытворцаў тэкстылю. На пачатковым этапе кліент атрымлівае тавар з перадаплатай, а калі крэдыт да­ве­ру ўзрастае, то проста на рэалізацыю. ААТ па за­яў­ках не толькі сфарміруе заказ, але і даставіць яго сваім транспартам. Скарыстацца гэтымі паслугамі могуць і прадпрымальнікі.

Старшыня аблвыканкама заўважыў, што на Віцебшчыне неабходна стварыць універсальную базу, на якой збіралася б прадукцыя ўсіх легпрам­аўскіх прадпрыемстваў рэгіёна і адпрацаваць механізм, калі нерэалізаваныя вырабы не вярталіся б вытворцу, а ўсё ж знаходзілі свайго пакупніка дзякуючы гнуткай сістэме скідак і уцэнак. І выслухаў некалькі слушных прапаноў ад прадстаўнікоў такога вядомага вытворцы дзіцячага адзення, як ТАА «Бель Бімба».

Выступаючы на падагульняючым пасяджэнні, Мікалай Мікалаевіч, у прыватнасці, адзначыў, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі кіраўніцтва краіны, урад робяць стаўку на развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах. Гэта тая фарміруючая бюджэт праслойка, якая самастойна вырашае пытанні занятасці людзей, выплаты зарплаты, падаткаў і не стварае дзяржаве ніякіх праблем. У вобласці ў сектары малога і сярэдняга бізнесу заняты 142 тысячы чалавек, яны даюць у бюджэт 3,8 трыльёна рублёў, на іх долю прыпадае больш за 15 працэнтаў агульнага аб'ёму вытворчасці. Як не прыслухацца да іх?

— Мы не раз гаварылі, што ўлада абавязана знайсці ініцыятыўнага чалавека, аказаць яму садзейнічанне ў развіцці бізнесу, дапамагчы, стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы, — працягнуў Мікалай Шарснёў. — Але часам людзі ідуць да ўлады і не знаходзяць разумення. Тады грамадства губляе тых, хто мог бы садзейнічаць яго росквіту. Рэзервы для больш эфектыўнай падтрымкі ёсць, напрыклад, у вобласці ўсё яшчэ застаецца вялікая колькасць пустуючых памяшканняў, варта актыўней рэалізоўваць іх малому і сярэдняму бізнесу па сімвалічным кошце. Абавязковая сертыфікацыя прадукцыівыклікала неадназначную рэакцыю ў прадпрымальніцкім асяроддзі. Але рашэнне прынята, яно канчатковае. І тэма нашай сённяшняй размовы невыпадковая, як і месца сустрэчы. Чаго б мы хацелі? Хацелі б разумення, што, калі становіцца цяжка, людзі павінны аб'ядноўвацца. І ўлада не адгароджваецца ад узнікаючых праблем. Да прыкладу, што рабіць тым прадпрымальнікам, якія з-за розных прычын не могуць арганізаваць сваю дзейнасць па-новаму? Вось і вырашылі паказаць вам, што ёсць шэраг прадпрыемстваў, гатовых вырабляць дастатковую колькасць кваліфікаванай айчыннай прадукцыі. Мы яшчэ ў мінулым годзе запатрабавалі ад іх стварыць сістэму рэалізацыі адзення, абутку з дапамогай прадпрымальнікаў. Варыянтаў некалькі: можна ўладкоўвацца на працу на прадпрыемства, каб займацца рэалізацыяй вырабаў у сваёй гандлёвай кропцы, можна браць тавар без перадаплаты на аснове дагавораў. Падчас агляду выставы я пачуў нямала слушных заўваг. Да прыкладу, прадстаўнікі ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» казалі, што ім не хапае абаротнага капіталу, не абцяжаранага вялікімі банкаўскімі працэнтамі. Мяркую, што ў вобласці варта стварыць рэзервовы фонд з дапамогай Саюза прадпрымальнікаў, інвестараў, аблвыканкама і фінансаваць з яго галоўныя напрамкі, каб зрушыць справу.

Старшыня аблвыканкама, іншыя ўдзельнікі сустрэчы выслухалі ўсе прапановы, заўвагі, пытанні, якія паступалі з залы, і пастараліся даць на іх вычарпальныя адказы. А тыя праблемы, якія яшчэ не знайшлі свайго рашэння, абмяркуе рабочая група з ліку прадстаўнікоў бізнесу і ўлады, яна будзе створана ў бліжэйшы час.

Ларыса Волкава. Фота Алега Клімовіча. «Віцьбічы».