У Віцебску адбылася сустрэча кіраўніцтва праваахоўных органаў Віцебшчыны, Пскоўшчыны і Смаленшчыны

Супрацоўніцтва паміж прыгранічнымі абласцямі дзвюх краін, адзначым, вядзецца ўжо не першы год, маюцца пэўныя напрацоўкі і дамоўленасці. Штогод агульнымі намаганнямі міліцыянераў і паліцэйскіх удаецца раскрываць шэраг злачынстваў. Як прыклад, затрыманне жыхаркі Смаленшчыны, якая перавозіла 649 грамаў гераіну (гэта лічыцца буйной партыяй), або ж паімка беларуса, які выкрадаў аўто ў суседняя дзяржаве. Наяўнасць эфектыўных сувязяў паміж праваахоўнымі органамі Беларусі і Расіі – гэта, бясспрэчна, добра. Тым не менш, іх трэба не толькі падтрымліваць на належным узроўні, але і развіваць, удасканальваць. Пра гэта ішла размова падчас рабочай нарады службовых асоб органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкама РБ і УМВД РФ па Пскоўскай і Смаленскай абласцях.


Як паведаміў журналістам падчас прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Яўсееў, праваахоўнікі разгледзелі наступныя пытанні: процідзеянне тэрарызму і экстрэмізму, крымінальнаму аўтабізнесу, забеспячэнне дарожнай бяспекі на прыгранічнай тэрыторыі і вывучэнне вопыту віцябчан у забеспячэнні аховы правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў.


-- Крымінальны аўтабізнес – гэта бізун для нас, -- адзначыў начальнік упраўлення МУС Расіі па Пскоўскай вобласці Барыс Гаварун. – Толькі з тэрыторыі Пскоўшчыны выкрадзена 124 транспартныя сродкі. Не памылюся, калі скажу, што некаторыя аўто адправілі ў Беларусь.
Акцэнтуючы ўвагу на бяспецы дарожнага руху, Барыс Сяргеевіч паведаміў, што на прыгранічных аўтазапраўках у Пскоўскай вобласці для беларусаў з'явяцца спецыяльныя памяткі, якія расказваюць аб нюансах расійскіх Правілаў дарожнага руху. Акрамя таго, ў наступным годзе згодна з дасягнутай дамоўленасцю адбудзецца міжнародны агляд-конкурс прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў ДАІ і ГИБДД трох рэгіёнаў.


Акрамя таго, больш за дзесятак узнагарод госці ўручылі праваахоўнікам Прыдзвіння, якія выдатна зарэкамендавалі сябе падчас сумеснай беларуска-расійскай аперацый. Характэрна, што сярод узнагарод ёсць два нагрудных знакі «Лепшы супрацоўнік спецыяльнага падраздзялення міліцыі», якія атрымліваюць за асаблівыя заслугі. У нашым рэгіёне яны дасталіся прадстаўнікам палка ППСМ УУС Віцебскага аблвыканкама – падпалкоўніку міліцыі Сяргею Грыценку і старшаму лейтэнанту міліцыі Віталю Кушнеру.

«ВР»