У Віцебску адбылося адкрыццё Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі
У Віцебску зноў усе ўсміхаюцца і танцуюць! Бо прыйшоў трэці тыдзень лістапада, а з ім чароўнае свята пад назвай IFMC. Увечары 20 лістапада ў канцэртнай зале "Віцебск" апладзіравалі ўдзельнікам гала-канцэрта ўрачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі. Ужо 26-ы па ліку.
На прэс-канферэнцыі перад адкрыццём фестывалю міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў адзначыў, што віцебскі фестываль знаходзіцца "у трэндзе развіцця сусветнага харэаграфічнага мастацтва". "Мы не столькі, напэўна, адлюстроўваем самі тэндэнцыі, колькі з'яўляемся ў пэўнай ступені заканадаўцамі мод, абазначаем новыя напрамкі", – сказаў ён.
Трэндам стала і тое, што Віцебск усё часцей называюць "невенчанай культурнай сталіцай Беларусі". Сваю прамову на цырымоніі адкрыцця фестывалю міністр культуры пачаў з гэтага кампліменту. Далей ён пажадаў IFMC жыць, "прынамсі, яшчэ чвэрць стагоддзя", і раздаў дыпломы-падзякі спонсарам.
Старшыня журы конкурсу, мастацкі кіраўнік тэатра сучаснай харэаграфіі "Кіеў мадэрн-балет" Раду Паклітару быў лаканічны. Звяртаючыся да конкурсантаў, якія выйшлі на паклон да гледачоў, ён сказаў: "Мы ўсе – і публіка, і крытыкі, і суддзі – чакаем ад вас цуду. Дык падарыце нам яго! А мы вас усіх загадзя любім".
І трэба думаць, што цуд абавязкова адбудзецца!
У першым аддзяленні гала-канцэрта прыхільнікаў фестывалю парадавалі тэатр "Балет Яўгена Панфілава" (Перм, Расія), балет Street Jazz (Масква), тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I (Мінск), Arts Printing House (Вільнюс, Літва), салісты балетнай школы імя Фелікса Парнеля (Лодзь, Польшча) і "Кіеў мадэрн-балет" (Украіна).
У другім аддзяленні гледачы ўбачылі знакаміты балет "Шэсць танцаў" нідэрландскага харэографа Іржы Кіліяна ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яго дзеянне адбываецца ў часы Моцарта. Але сюжэт падыходзіць да любога сучаснага тэатра. Яго закуліссе: раманы, здрады, плёткі, канкурэнцыя, абыграны ў пастаноўцы іскрыста, з добрым гумарам. Па словах спецыялістаў, тое, што гэты сусветны шэдэўр трапіў у рэпертуар нашага Вялікага – падзея для ўсёй краіны.
Ну а галоўнай падзеяй фестывалю па-ранейшаму застаецца конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ён нацыянальны (па цотных гадах – міжнародны). Папярэдні адбор прайшлі 13 калектываў са сталіцы і ўсіх абласных цэнтраў краіны. Спачатку было 22 заяўкі, але 9 з іх журы адсеяла. У суботу, 23 лістапада, на конкурсным выступленні гледачы змогуць убачыць і параўнаць, як танцуюць модерн у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве і Брэсце.
Працягне здзіўляць і гасцявая праграма. Сёння, да прыкладу, на сцэне драмтэатра гледачы ўбачаць балет-прысвячэнне Вінсенту Ван Гогу "Едакі" ў выкананні маскоўскага Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі. Адзінае ў сваім родзе палатно мастака-загадкі з палатна на сцэну перавяла харэограф Кацярына Кіслова. А яшчэ на сцэне будуць сланечнікі…
І, вядома ж, будуць сюрпрызы ад фаварытаў віцебскай публікі – панфілаўцаў. Пермскія артысты ўдзельнічалі ў фестывалі з самага яго пачатку: спачатку ў конкурснай, а потым у спецыяльнай праграме. На IFMC заснавана спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава. На гэты раз пермскі тэатр прывёз у беларускую сталіцу танца модерн спектаклі "Рамэа і Джульета" і "Клетка для папугаяў".
Завершыцца фестываль 24 лістапада ўручэннем узнагарод. Але да гэтага яшчэ цэлых тры дні Віцебск будзе зачараваны чароўнай феерыяй танца.