Сярэдняй школе №46 у Віцебску прысвоілі імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Баграмяна
У Віцебску прайшла ўрачыстая цырымонія прысваення сярэдняй школе №46 імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Хрыстафоравіча Баграмяна. У мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі органаў мясцовай улады, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Віцебска, сваякі легендарнага палкаводца, а таксама школьнікі.
Вядучыя мерапрыемства нагадалі, што пад камандаваннем Івана Баграмяна войскі 1-га Беларускага фронту вызвалілі больш за тысячу населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку Віцебск. Перад будынкам школы быў арганізаваны невялікі канцэрт: эфектна маршыравалі барабаншчыцы, навучэнцы выконвалі песні і чыталі вершы пра вайну.
Затым да прысутных звярнуўся старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
– Два гады таму на праспекце Баграмяна ў Віцебску адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар гэтага легендарнага военачальніка. А летась у Гарадку ўсталявалі бюст героя, – сказаў ён.
Таксама Уладзімір Цярэнцьеў распавёў, што звязвае сістэму адукацыі і Івана Баграмяна.
– У пасляваенны час Івана Хрыстафоравіча называлі піянерскім маршалам. Таму што ён доўгія гады кіраваў ваенна-патрыятычнай гульнёй «Зарніца».
У завяршэнне свайго выступлення Уладзімір Цярэнцьеў уручыў ганаровую грамату мастаку Юрыю Дубоўскаму – аўтару насценнага графiцi з выявай Івана Баграмяна на фасадзе СШ №46.
Пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян акцэнтаваў увагу на чалавечых якасцях вялікага палкаводца. Таксама ён адзначыў сімвалічнасць дадзенага мерапрыемства.
– Назва школы ў яго гонар – гэта яшчэ адно сведчанне шчырага і добрага стаўлення да гэтага выдатнага чалавека і даніна яго памяці. Гэта таксама сімвал армяна-беларускага сяброўства.
На мерапрыемстве прысутнічаў унук палкаводца Іван Сяргеевіч Баграмян, які працуе ў СШ №1222 імя Баграмяна ў Маскве.
– Мой дзед заўсёды казаў, што ў гэтай страшнай вайне мы перамаглі таму, што жыхары СССР не дзяліліся на нацыянальнасці, а быў адзіны савецкі народ, які ўтварыў адзіны кулак, здольны раздушыць фашысцкага звера. Што тычыцца цяперашняга мерапрыемства, вялікі гонар, што ў ім удзельнічае пасол Арменіі ў Беларусі. А я ў падарунак сярэдняй школе №46 прывёз кнігі пра Івана Хрыстафоравіча. Магчыма, яны стануць пачаткам прысвечанай яму экспазіцыі, – сказаў Іван Сяргеевіч карэспандэнту vitvesti.by.
ЯЎГЕН КАРПАС, "Віцебскія весці".