У Віцебску пачаў курсіраваць тралейбус з сімволікай «Славянскага базару».

У Віцебску пачаў курсіраваць тралейбус з сімволікай "Славянскага базару", паведаміў дырэктар прадпрыемства "Гарадскі электрычны транспарт г.Віцебска" (філіял ААТ "Віцебскаблаўтатранс") Васіль Паўлючкоў.

Па яго словах, тралейбус упрыгожаны фірмовай фіялетава-ліловай сімволікай міжнароднага форуму 2018 года, распрацаванай дызайнерам дырэкцыі "Славянскага базару ў Віцебску" Юліяй Крук. Яго з'яўленне на вуліцах горада не засталося незаўважаным гараджанамі і ўжо сабрала масу станоўчых водгукаў. Фестывальны тралейбус ездзіць па маршруце №3 "Вакзал - вул.Фрунзе - прадпрыемства "Марка".

Васіль Паўлючкоў звярнуў увагу яшчэ на адзін праект, які паспяхова рэалізуецца трамвайна-тралейбусным упраўленнем на працягу года. Так, у тралейбусах з бартавымі нумарамі 195 і 199 па маршруце №4 для пасажыраў гучаць кароткія гістарычныя звесткі аб славутасцях, якія яны праязджаюць. Своеасаблівая экскурсія цікавая гасцям горада і таксама атрымала станоўчую ацэнку мясцовых жыхароў.

БЕЛТА.