У Віцебску стартаваў маштабны моладзевы форум «Час тваіх магчымасцей»

В Витебске стартовал масштабный молодежный форум «Время твоих возможностей»
У Віцебску стартаваў маштабны моладзевы форум «Час тваіх магчымасцей». Гэта не толькі адукацыйная пляцоўка, але і натхняльная падзея, якая дае моладзі яшчэ больш інструментаў для самарэалізацыі.


– У Беларусі вельмі многа робіцца для моладзі, бо гэта наша сучаснасць і будучыня. На працягу двух дзён абласны форум для маладых спецыялістаў і працоўнай моладзі розных сфер, якія ўносяць свой уклад у развіццё рэгіёна, стане аб’яднальнай пляцоўкай. На розных лакацыях яны даведаюцца аб дасягненнях суверэннай Беларусі, змогуць падняць праблемныя пытанні на сустрэчах, якія пройдуць з кіраўнікамі розных ведамстваў, – адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслаў Хрол. – Таксама ідэя форуму заключаецца ў тым, каб удзельнікі мерапрыемства маглі пазнаёміцца адзін з адным, абмяняцца ініцыятывамі, кантактамі, каб у далейшым узаемадзейнічаць і развіваць свае прафесійныя навыкі. Праект складаецца з розных секцый: ад транспарту і сувязі да сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Мы разумеем, што на такіх мерапрыемствах моладзь згуртоўваецца, каб працаваць на карысць нашай краіны.

Форум упершыню аб’яднаў амаль паўтысячы чалавек, складаецца з дзесяці секцый з адукацыйнымі інтэнсівамі, сустрэчамі з экспертамі, прадстаўнікамі ўлады, бізнес-супольнасці і інш. Падчас дыялогавых пляцовак удзельнікі абмяркуюць пытанні правядзення электаральнай кампаніі, магчымасці сучаснай моладзі.

– Беларусь – гэта дзяржава для народа. Мы бачым, як змяняюцца гарады, развіваюцца розныя галіны народнай гаспадаркі. Перад намі стаяць задачы захавання і паляпшэння якасці жыцця і тыя кампетэнцыі, якія вы зараз атрымліваеце на прафесійным ніве, у розных сацыяльных інстытутах важныя і патрэбныя для нашых людзей і будучыні, – адзначыў старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач.

Дарэчы. Заўтра тэматычныя мерапрыемствы «Час тваіх магчымасцей» пройдуць у кожным рэгіёне Віцебскай вобласці.

Майстар Талачынскага ПМС Ягор Гайсёнак упэўнены, што на такіх форумах тандэм новых ведаў і цікавых знаёмстваў дае штуршок для развіцця.

– Мне цікава пабываць на прамысловых пляцоўках: азнаёміцца з вытворчасцю «Вітбудтэхмаш», «Віцебскіх дываноў». Любая інфармацыя – каштоўная. Думаю, што падобныя мерапрыемствы важныя і для замацавання моладзі на месцах, – адзначыў Ягор Гайсёнак.

Удзельнікі блока "Лясгас" абласнога форуму "Час тваіх магчымасцей" наведалі дыялогавую пляцоўку, дзе спікерамі выступілі генеральны дырэктар Віцебскага ДВА "Лясгас", дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Ліпскі і член Савета Палаты прадстаўнікоў Юрый Панфілаў.

Хлопцы цікавіліся далейшым развіццём лясной гаспадаркі вобласці.

"Віцебскія весці"