У Віцебску стартаваў абласны этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд

В Витебске стартовал областной этап республиканских предметных олимпиад

Каб выступіць на іх без сучка без задарынкі, з сапраўдным энтузіязмам выкладчыкі і навучэнцы працавалі на працягу некалькіх месяцаў, а ў шэрагу выпадкаў нават і гадоў! Для ўдзелу ў алімпіядах патрэбны не толькі добрыя здольнасці, але і велізарнае працалюбства. А дзе ж павучыцца гэтай якасці, як не на ўроках працы?

Для многіх вучняў аршанскай сярэдняй школы №13 працоўнае навучанне, якое выкладае Леанід Фінкін, з'яўляецца адным з любімых прадметаў, таму яны не раз заваёўвалі дыпломы розных узроўняў.

— Мне падабаецца, што на гэтых уроках працуюць і розум, і рукі, — заўважае навучэнец Савелій Канавалаў, пераможца рэспубліканскага этапу прадметных алімпіяд 2014 года. — Летась мы вельмі старанна рыхтаваліся, шмат займаліся дадаткова. Спадзяюся, што і сёлета выступлю добра, як і мой таварыш па камандзе Глеб Балотнікаў. Ён, дарэчы, і тады быў прызёрам абласнога этапу. Мы прывезлі свае работы «Флюгер» і «Музычныя шахматы» і будзем іх абараняць.

Алімпіяда па працоўным навучанні праходзіць у гэтыя дні ў віцебскай СШ №6, дзе ёсць належныя ўмовы і для практычных заняткаў у майстэрні, і для абароны хатніх работ — арыгінальных праектаў, выкананых сваімі рукамі, і для тэарэтычных выпрабаванняў.

Удзельнікаў прадметных алімпіяд з 12 па 16 студзеня ў Віцебску прымаюць таксама гімназіі №№2 і 5, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна, дзяржаўны тэхналагічны каледж, дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці, прафесійны ліцэй №5 прыборабудавання. Праходзяць спаборніцтвы і на базе ўстаноў адукацыі Оршы і Полацка. Усяго свае веды па 13 прадметах паказваюць 1126 удзельнікаў з розных куткоў Віцебшчыны. З пераможцаў будзе сфарміравана каманда, якой трэба будзе абараняць гонар вобласці на рэспубліканскім этапе прадметных алімпіяд вясной.

Ларыса ВАЎКОВА, "Віцьбічы"