У Віцебску стартаваў пяты міжнародны фестываль-конкурс «Арт-парад»

В Витебске стартовал пятый международный фестиваль-конкурс «Арт-парад»
Пяты год запар падчас калядных святаў і студзеньскіх канікул Віцебск ладзіць свята для дзяцей, захопленых творчасцю. Сярод зімы ў горадзе на Дзвіне праходзіць цёплы і сонечны Міжнародны фестываль-конкурс «Арт-парад», які адразу ахрысцілі малодшым братам «Славянскага базару». І на тое ёсць усе падставы, паколькі спецыяльны прыз творчага спаборніцтва юных талентаў – запрашэнне на ўдзел у маштабным летнім форуме.

Каля тысячы творчых дзяцей з 16 краін свету сталі ўдзельнікамі сёлетняга «Арт-параду». Як і ў папярэднія гады, ён праходзіць у двух фарматах: анлайн і афлайн. Калісьці падчас каранавіруса гэта была вымушаная мера, але потым вырашылі, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць пашырыць геаграфію конкурсу і даць магчымасць дзецям з далёкіх краін паказаць свае таленты. Так, на гэты раз заяўкі прыйшлі, у прыватнасці, з Кубы, Кітая, Ізраіля, Егіпта, Італіі. У анлайн-фармаце выступяць каля 300 удзельнікаў. Але большасць змагла ўсё ж прыехаць і прадставіць свае краіны на сцэне абноўленай канцэртнай залы «Віцебск». Гэта юныя таленты з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Латвіі, Германіі, Казахстана, Арменіі, Эквадора, Грузіі і іншых дзяржаў.

Сярод канкурсантаў ёсць і пастаянныя ўдзельнікі, і пачаткоўцы. Віцебская студыя танца «Палітра» выступае ўжо чацвёрты раз і падрыхтавала шэсць нумароў. А узорны вакальны калектыў «Разноцветная планета» (таксама з Віцебска) упершыню на «Арт-парадзе». Другі раз спрабуе скарыць конкурсную сцэну Аня Казаран з Фаніпаля Мінскай вобласці. Сёлета яна прыехала з групай падтрымкі, якую адразу можна было заўважыць па фірмовых майках з надпісамі: «Мама Ані», «Тата Ані», «Бабуля Ані». Як высветлілася, усе маюць дачыненне да творчасці. Бабуля выкладае фартэпіяна ў музычнай школе, тата грае на скрыпцы, мама шые касцюмы, а Аня спявае.

Ацэньваць выступленні яе і іншых удзельнікаў будзе міжнароднае журы, у якое ўвайшлі народная артыстка Расійскай Федэрацыі Надзея Крыгіна, спявачка, лаўрэат міжнародных вакальных конкурсаў Яна Клавіня, вакалістка, педагог, удзельніца папулярных расійскіх тэлепраектаў Этэры Бериашвілі, італьянскі музыкант, кампазітар Мікеле Пома, лаўрэат XXVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» Іван Зданюк і іншыя.

– Стан, які я адчуваю ў Віцебску, – радасць. Радасць ад сустрэчы з адкрытымі, творчымі людзьмі. Яны для мяне – цэнтр прыцягнення. Калі мяне запрашаюць на гэты фестываль, я не пытаюся пра ўмовы, проста бяру білеты і прыязджаю, – кажа Этэры Бериашвілі, якая другі раз удзельнічае ў «Арт-парадзе».

У праграму фестывалю ўключаны і майстар-класы папулярнай спявачкі. Бо «Арт-парад» – не толькі конкурс, але і адукацыйны, пазнавальны праект. Урокі майстэрства сёлета дадуць высокапрафесійныя педагогі ў галіне вакалу і харэаграфіі. А ў вольны ад рэпетыцый і выступленняў час турфірма «Ілва» арганізавала для дзяцей займальныя экскурсіі.

Падчас цырымоніі адкрыцця «Арт-параду – 2024» падарункам для ўдзельнікаў і гледачоў ад пяцігадовага фестывалю-імянінніка стаў забаўляльны мюзікл «Алмаз ведаў». А сёння цэлы дзень праходзяць творчыя спаборніцтвы. У конкурснай праграме прымаюць удзел калектывы і сольныя выканаўцы ў дзвюх намінацыях: «Вакал» і «Харэаграфія», і ў кожнай вызначаць уладальніка Гран-пры.

Хто атрымае галоўны прыз, стане вядома заўтра ўвечары на гала-канцэрце, на якім выступяць як юныя выканаўцы, так і члены журы, госці фестывалю, што сагрэў у гэтыя марозныя дні сэрцы ўдзельнікаў і гледачоў яшчэ маладога, але які абяцае стаць доўгажыхаром фестывалю.

"Віцебскія весці"