У Віцебску больш за 100 чалавек узялі ўдзел у добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу «5-ы полк»
Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў неабыякавыя грамадзяне сабраліся на мемарыяльным комплексе «5-ы полк» у Віцебску, каб высадзіць дрэвы і навесці парадак. Ініцыятарамі акцыі выступілі гарадскія падраздзяленні рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый БРСМ, Беларускі саюз жанчын, «Белая Русь», Фонд міру і інш. Сярод тых, хто прыйшоў, былі члены працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, навучэнцы ўстаноў адукацыі. Не засталіся ўбаку ад добрай справы і прадстаўнікі ўлады, у тым ліку старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
— У бліжэйшыя дні мы адкрыем тут памятны знак, які расказвае пра пакуты і жах, што перажылі жыхары Віцебшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. — Стала добрай традыцыяй ладзіць на гэтым і падобных яму месцах па ўсёй вобласці вясной вялікія суботнікі. Праца па добраўпарадкаванні і ўшанаванні памяці будзе працягнута.
Пасля завяршэння работ удзельнікі ўсклалі кветкі да абеліска ў памяць пра загінулых.
У 1941 годзе на ўскраіне Віцебска нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі лагер для масавага знішчэння савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў.
Адначасова за калючым дротам знаходзілася каля 28-35 тыс. вязняў, над якімі здзекаваліся, марылі голадам. Усяго ж за час акупацыі там было закатавана звыш 80 тыс. чалавек.
Надзвычайная дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў гітлераўцаў у 1944-м выявіла ў «5-м палку» каля 400 магіл, з якіх 70 былі даўжынёй ад 8 да 15 м, шырынёй 5-7 м і глыбінёй да 5 м. У адным з месцаў пахаванняў спецыялісты выявілі трупы мужчын і жанчын у цывільным адзенні. У асноўным ахвярам было 20 — 30 гадоў. Большасць з іх забілі стрэлам у галаву.