У Віцебску ўрачыста адкрыюць XXIX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC-2016)
Сёння падчас адкрыцця танцавальнага форуму ў канцэртнай зале "Віцебск" пройдзе прэзентацыя ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі, а гэта 32 калектывы з еўрапейскіх краін, Кітая. Працягне ўрачыстасць прэм'ера балета "Жызель" у пастаноўцы Раду Поклітару і выкананні калектыву "Кіеў Модэрн-Балет". А завершыцца вечар сюрпрызам - для конкурсантаў і гасцей фестывалю будзе арганізавана "PARTY па-беларуску" з удзелам беларускіх фальклорных калектываў.
Акрамя гэтага сёння ў Віцебску пачнуць працу практычныя майстар-класы, адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу "Музыка колеру" віцебскага мастака Алега Крошкіна, будуць прэзентаваны фотавыставы "Пейзажы чалавека" і "Эксперыменты" аўтарства мінскіх фотамастакоў Ганны Маісеюк і Вольгі Рабецкай.
Мерапрыемствы працягнуцца да 27 лістапада, пройдуць яны ў канцэртнай зале "Віцебск" і на сцэне Коласаўскага тэатра. У афішы спектаклі вядучых танцавальных калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Швецыі, Нарвегіі і інш. На фестывалі будзе прадстаўлена некалькі прэм'ер. Акрамя названага ўжо балета "Жызель", у афішы з паметкай "прэм'ера" яшчэ спектаклі "АхматМодзі" у выкананні танцавальнай кампаніі Compagnie Autre MiNa з Францыі і "Сын спадара П'еро з Вінчы"/"Мона Ліза" Пермскага тэатра "Балет Яўгена Панфілава".
Ключавая падзея фестывалю - конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ён міжнародны (чаргуецца з нацыянальным). Конкурс праводзіцца ў тры туры. Пачынаецца ўсё з адбору заявак на падставе прадастаўленых відэаматэрыялаў. Калектывы, якія прайшлі адбор, прыязджаюць у Віцебск, дзе міжнароднае журы па выніках закрытых праглядаў вызначае фіналістаў, якія і трапляюць у заключны публічны тур. На сёлетнім фестывалі фінал міжнароднага конкурсу адбудзецца 26 лістапада на сцэне канцэртнай залы "Віцебск".
Узнагароджанне і выступленне лаўрэатаў адбудзецца падчас урачыстага закрыцця XXIX Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі 27 лістапада. Уладальніку Гран-пры належыць $5 тыс., лаўрэатам першай, другой і трэцяй прэмій - $3 тыс., $2 тыс. і $1 тыс. адпаведна. Акрамя гэтага, на фестывалі ўручаюцца спецыяльныя прэміі: "За сэнсавае напаўненне танца", "Постскрыптум", прэмія імя Яўгена Панфілава (кожная па $1 тыс.). Пасля таго як узнагароды знойдуць сваіх герояў, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі прэзентуе фестывальнай публіцы пастаноўкі "Шэсць танцаў" і "Маленькая смерць".
Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі абласны і гарадскі выканкамы, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а арганізатарам - дзяржаўная ўстанова "Цэнтр культуры "Віцебск".
Алена Ціханава, БЕЛТА.
Праграма http://www.gck.by/afisha