У Віцебску трамваі і тралейбус упрыгожылі эскізамі Казіміра Малевіча і Ніны Коган
...1920-ы год. У віцебскім Народным мастацкім вучылішчы (цяпер вуліца Марка Шагала, дом 5а) Казімір Малевіч стварае са сваімі вучнямі-паслядоўнікамі творчае аб'яднанне «УНОВІС» («Зацвярджальнікі новага мастацтва»), якое развівала ідэі супрэматызму. Сваё мастацтва яны ў прамым сэнсе выносілі на гарадскія вуліцы і плошчы, якія актыўна афармлялі да рэвалюцыйных святаў. Аж да 1923 года група мастакоў УНОВІС ператварыла маленькі правінцыйны горад у «сталіцу супрэматызму»: гіганцкія супрэматычныя пано, што закрывалі фасады будынкаў, тканіны, сцягі, роспіс першамайскіх святочных трыбун, выкананыя Малевічам і яго вучнямі, пераўтварылі Віцебск. І яшчэ на працягу шасці гадоў — да 1925 года ўключна, па горадзе хадзілі трамваі з роспісамі Казіміра Малевіча і яго вучаніцы Ніны Коган, зробленыя 1 мая 1920 года. Дарэчы, эскізы цяпер захоўваюцца ў зборы Траццякоўскай галерэі.
Адрадзіць іх і ўкараніць прапанаваную амаль стагоддзе таму версію роспісу грамадскага транспарту ў сучаснае гарадское асяроддзе — такая мэта кіраўніка праекта «Гісторыка-культурная спадчына УНОВІС — культурны код развіцця горада Віцебска» і аўтара праекта рэканструкцыі гістарычных роспісаў трамваяў 1920 года Валянціны Кірылавай, ажыццявіць якую дапамаглі выкладчык кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ілья Гурко і выкладчык Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, член Беларускага саюза дызайнераў Сцяпан Драздоў. Паслядоўнікі УНОВІС распрацавалі сваю графічную версію арыгінальных эскізаў стогадовай даўніны, каб адаптаваць іх да трамваяў і тралейбусаў XXI стагоддзя з улікам сучасных патрабаванняў і з захаваннем тэхнічных умоў іх эксплуатацыі.
А прысвячэнне мастацкім практыкам авангарднага аб'яднання К.Малевіча прымеркавана да Дзён Еўрапейскай спадчыны, якія больш за паўвека
проходзяць ва ўсім свеце, а ў Беларусі — з 1993 года, калі наша незалежная дзяржава падпісала Еўрапейскую культурную канвенцыю. Штогодні Дзень Еўрапейскай спадчыны праходзіць пад рознымі дэвізамі, сёлетні — распаўсюджванне ведаў і культурнай гісторыі.Галоўная ідэя — інфармаваць, прадастаўляць людзям доступ да тых аб'ектаў спадчыны, паказваць тое мастацтва, якое штодзённа не даступна па нейкіх прычынах.
Выезд незвычайных электрычных транспартных сродкаў ператварыўся ў прыгожую ўрачыстую цырымонію, якая адбылася ўчора на 5-й вуліцы Фрунзе, 7, ля ўваходу ў трамвайная дэпо, дзе віцябляне і госці ужо прывыклі бачыць кампазіцыю: стары віцебскі трамвайчык і скульптуру першага кандуктара. Перфомансам «Маршрут — УНОВІС» свята адкрылі ўдзельнікі народнага маладзёжнага тэатра «Кола», а напуццевала транспарт па новым «маршруце» намеснік старшыні гарвыканкама Зінаіда Каралёва. Гэта падзея немагчыма была б без падтрымкі гарвыканкама і без актыўнага ўдзелу калектыву Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення і яго кіраўніка Васіля Паўлючкова. Як слушна заўважыў Васіль Міхайлавіч, гісторыя трамвая на працягу амаль 120 гадоў заўсёды была цесна звязана з гісторыяй города. Сёння парк ВТТУ налічвае парадку 100 трамваяў і 85 тралейбусаў, і гэтымі відамі грамадскага электрычнага транспарту ажыццяўляецца больш за 50 працэнтаў усіх гарадскіх пасажырскіх перавозак. На найбольш ажыўленых маршрутах горада будуць бегаць два незвычайных трамвая і тралейбус, знаёмячы пасажыраў з эскізамі УНОВІСа. На гэтых транспартных сродках таксама размешчаны цытаты з трактатаў Казіміра Малевіча, інфармацыя пра аўтара сапраўдных эскізаў, гісторыя іх стварэння і пра аўтараў праекта. А ён нацэлены, як адзначыла Валянціна Кірылава, на патрыятычнае стаўленне віцяблян да гісторыі роднага города.
Наталля ДРОЗДОВА. Фота Алега КЛІМОВІЧА, «Віцьбічы».