У Віцебску павялічыцца колькасць кропак доступу да сеткі Wi-Fi
Сучасны чалавек ужо не можа сабе ўявіць жыццё без Інтэрнэту. Бо ён дазваляе імгненна знаходзіць неабходную інфармацыю, вырашаць важныя пытанні ды і проста падтрымліваць сувязь з рознымі людзьмі. Для большасці з нас стаў звыклым хатні і мабільны Інтэрнэт. Але як быць падчас падарожжаў? Гэтым пытаннем напэўна задаюцца госці Віцебска, збіраючыся наведаць паўночную сталіцу. А да фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» колькасць прыезджых значна павялічыцца. Ці будзе даступны для іх бесправадны Інтэрнэт і ці не апынуцца яны адарванымі ад свайго звыклага жыцця ў інфармацыйнай прасторы і сацыяльных сетках?
За каментарамі мы звярнуліся да дырэктара Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандра Бохана. Як паведаміў Аляксандр Іванавіч, на сённяшні дзень у паўночнай сталіцы размешчана 5200 кропак доступу Wi-Fi. Яны размешчаны ў гасцініцах, універсітэтах, на аўтавакзале, у абласной бібліятэцы ім. Леніна, а таксама ў зоне правядзення мерапрыемстваў фестывалю. Цяпер плануецца павялічыць колькасць кропак доступу на чыгуначным вакзале для паляпшэння якасці сувязі. Вядзецца праца па пашырэнні сеткі на аўтазапраўках «Белнафтахім», на 9 з якіх ужо ёсць Інтэрнэт і будзе зроблена яшчэ на 34.
– Белтэлекам з радасцю павялічыў бы колькасць кропак доступу да сеткі Wi-Fi, але ў гэтым пытанні нямалае значэнне маюць жаданне і магчымасці ўладальнікаў участкаў і аб'ектаў, – растлумачыў Аляксандр Бохан. – Да прыкладу, некаторыя арганізацыі прапануюць за размяшчэнне мадэма аплачваць арэнду некалькіх метраў памяшкання, што для нас непрымальна. У першую чаргу, яны самі павінны быць зацікаўлены ў іміджы сваёй установы, бо наяўнасць Інтэрнэту – адзін са спосабаў прыцягнення наведвальнікаў.
Тыя, хто хоча развівацца і ісці ў нагу з часам, звярнуўшыся ў філіял, атрымаюць паслугу ў лепшым выглядзе. Дарэчы, нават прыватная асоба, а цяпер каля 255 тысяч абанентаў byfly, можа актываваць сваю кропку доступу як грамадскую.
Агучаныя даныя ўражваюць. Аднак часам можна выявіць, што ў кафэ, дзе на дзвярах красуецца налепка Wi-Fi, абяцанага няма і ў паміне. Гэта, на думку начальніка камерцыйнай службы Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» Дзмітрыя Маладцова, можа быць звязана з тым, што ўладальнікі выключаюць мадэмы па нейкіх сваіх меркаваннях.
Мы вырашылі праверыць, як працуе бесправодны Інтэрнэт на адной з галоўных фестывальных вуліц – Суворава – і яе наваколлі. У гэтай частцы горада размяшчаецца мноства кафэ на любы густ. Так, паслугі бясплатнага доступу прадастаўляюць у кафэ «Шварцвальд» і «Планета Бургер», якасць сувязі тут на выдатным узроўні. Некалькі горш сігнал у «Віцебскім траціры», відаць, з-за таго, што ён знаходзіцца ў старадаўнім падвальным памяшканні. А вось апынуцца анлайн, знаходзячыся ў рэстаране «Залаты цмок», не атрымаецца. Затое можна пабыць у Інтэрнэце ў «Гранд-кафэ», праўда, толькі ў тым выпадку, калі ў вас ёсць карта доступу byfly. І гэта толькі некалькі з месцаў, адкуль змогуць атрымаць доступ да бесправодных сетак госці нашага горада. Так што, спадзяёмся, ім будзе ў нас камфортна. Тым жа ўладальнікам аб'ектаў харчавання і сферы паслуг, якія яшчэ не пазабавіліся пра доступ у Інтэрнэт, раім усё ж не адставаць ад сучасных тэндэнцый.
Алена Мірэр, "Віцебскія весці"