У Віцебску ў красавіку пройдзе фестываль паўночнаеўрапейскага кіно
У Віцебску ў красавіку пройдзе фестываль паўночнаеўрапейскага кіно, паведаміла дырэктар віцебскага кінатэатра "Мір" Таццяна Екамасава.
Менавіта ў гэтым кінатэатры 23-29 красавіка штодня на вячэрнім сеансе а 19.00 будуць паказваць разнажанравыя карціны вытворчасці скандынаўскіх і суседніх краін: Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Даніі і Ісландыі. Да канца тыдня з'явіцца афіша і стануць вядомыя назвы канкрэтных стужак, усе яны дастаткова новыя - 2013-2014 гадоў.
"Ініцыятыва арганізацыі фестывалю належыць амбасадам гэтых краін. Са Швецыяй мы ўжо супрацоўнічалі - праводзілі паказы да 100-годдзя Астрыд Ліндгрэн. І ў цэлым наш кінатэатр славіцца сваімі фестывальнымі традыцыямі. Напрыклад, тут праходзіць тыдзень франкафоннага кіно, паказы Манхэтэнскага фестывалю кароткаметражнага кіно і інш. Магчыма, таму да "Міра" праяўляецца такі інтарэс. Да нас яшчэ і амбасада Італіі звярнулася з прапановай арганізацыі паказаў іх фільмаў", - растлумачыла Таццяна Екамасава.
Сеансы падчас фестывалю будуць бясплатнымі, сказала дырэктар кінатэатра. А пакуль гараджан і гасцей Віцебска чакае іншы бязвыплатны падарунак. Так, з 26 сакавіка па 8 красавіка на экране кінатэатра "Мір" будуць паказваць унікальны праект расійскага аддзялення кампаніі Disney "Шчасце - гэта…", які аб'яднаў намаганні майстроў айчыннага кіно і пачаткоўцаў кінематаграфістаў. На працягу 2014 года кампанія праводзіла кастынг, у выніку чаго былі адабраны 6 лепшых сцэнарыстаў і 7 рэжысёраў, якія знялі 7 навел-разважанняў на тэму, што такое шчасце. У творчую каманду кінаальманаха, як называюць яго аўтары, увайшлі пачаткоўцы і ўжо вядомыя расійскія акцёры.