У Віцебску ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ўшанавалі памяць загінулых у баях

Беларусы з павагай ставяцца да прафесіі воіна. Нашым дзядам і прадзедам не раз даводзілася браць у рукі зброю, каб абараніць родную зямлю ад ворагаў. Армія і народ у адзіным страі адстойвалі свабоду, нягледзячы на страты і пазбаўленні. Дабіваліся поспехаў не толькі ў бітвах, але і ў аднаўленні народнай гаспадаркі пасля разбуральных баёў. Асаблівая старонка гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. Подзвіг савецкіх салдат, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу назаўжды застанецца ў памяці нашчадкаў як прыклад беспрэцэдэнтнай стойкасці і мужнасці. Мы па праву ганарымся такімі сваімі землякамі, як Пётр Машэраў, Мінай Шмыроў, Леў Даватара, Аляксандр Гаравец, Аляксей Данукалаў і Канстанцін Заслонаў. Усяго за гады Вялікай Айчыннай звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены каля 130 ураджэнцаў Віцебшчыны. Не менш высокія маральныя якасці, доблесць і мужнасць праяўлялі нашы салдаты і афіцэры, выконваючы воінскі абавязак у гарачых кропках планеты ў пасляваенны час. Застаюцца вернымі традыцыям папярэдніх пакаленняў і сённяшнія вайскоўцы, якія ў выпадку неабходнасці здольныя даць адпор агрэсару. Гэта дае нам упэўненасць у заўтрашнім дні.

Мерапрыемствы, прысвечаныя святу, прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці. Прадстаўнікі ўлады і грамадскасці наведалі памятныя месцы. Напрыклад, у Віцебску старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх арганізацый і моладзі правялі цырымонію ўскладання вянкоў і кветак да манумента савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам на плошчы Перамогі. У гонар загінулых воінаў прагучалі залпы гармат.

— Гэты святочны дзень, прысвечаны памяці воінаў, якія загінулі, дзякуючы якім мы сёння жывем у свабоднай краіне, асабліва актуальны ў Год гістарычнай памяці. Мы павінны памятаць тое, што адбывалася, каб былыя трагедыі, не дай Бог, не паўтарыліся. Апошнія падзеі даказваюць, што мір далікатны. Адсутнасць вайны ў ХХI стагоддзі здаецца чымсьці само сабойразумелым, але, як паказвае практыка, усё можа перавярнуцца з ног на галаву ў адзін дзень, — сказаў Аляксандр Субоцін. — Таксама 23 лютага мы выказваем падзяку цяперашнім вайскоўцам і людзям, якія ўносяць уклад у абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны на сваіх працоўных месцах, у тым ліку медыкі, настаўнікі, камунальнікі і аграрыі.

Таксама Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў, што беларусы, продкі якіх перажылі ваеннае ліхалецце, нечалавечыя пакуты і генацыд, выдатна ведаюць цану міру. Таму Беларусь — краіна, якая выключае ваенную агрэсію ў дачыненні да іншых.

"Віцебскія весці"