У Віцебску ў абласной бібліятэцы адкрылі абноўлены аддзел абанемента
– Час няпросты, калісьці было прасцей працаваць: вы былі запатрабаваны абсалютна ўсімі, – сказаў Мікалай Шарснёў. – Сёння часы іншыя, трэба развівацца, знайсці тую "разыначку", дзякуючы якой бібліятэка будзе запатрабавана ў сучасным свеце і асабліва моладдзю. Прыемна бачыць, што сёння тут прысутнічаюць моладзь і зусім юныя чытачы з бацькамі і педагогамі. Трэба падладжвацца пад фармат часу, і добра, што вы, бібліятэкары, гэта робіце. Сёння на вас ускладаюцца ўжо і функцыі выхавання. Дзеці павінны ў любым узросце чытаць кнігі, атрымліваць інфармацыю, шанаваць і любіць сваю краіну, свой горад, пасёлак, раён, шанаваць бацькоў. Гэтаму павінна вучыць літаратура, а значыць і бібліятэка.
Мікалай Мікалаевіч успомніў свае студэнцкія гады, калі і ён з задавальненнем наведваў чытальную залу «ленінкі». А цяпер рады бачыць сучасныя пераўтварэнні ў храме кнігі, якія адбываюцца тут пастаянна дзякуючы намаганням калектыву пад кіраўніцтвам дырэктара Таццяны Адамян.
З боку ўлады, паабяцаў Мікалай Шарснёў, заўсёды будзе аказвацца падтрымка людзям ініцыятыўным, якія выкарыстоўваюць новыя формы працы. Вопыт бібліятэкі імя Леніна, адзначыў кіраўнік вобласці, будзе распаўсюджаны і ў рэгіёнах. Мікалай Шарснёў наведаў у гэты дзень практычна ўсе аддзелы ўстановы.
Знаёмства пачалося з абноўленай залы абанемента, самага запатрабаванага аддзела абслугоўвання «ленінкі» і самага буйнога ў структуры як па колькасці спецыялістаў, якія там працуюць, так і па напаўненні фондаў – каля 80 тысяч экзэмпляраў літаратуры. Тут праведзены рамонт, устаноўлена новая мэбля, па-іншаму змодэлявана прастора для чытачоў. Ёсць зручная навігацыя, дзякуючы якой лёгка арыентавацца ў кніжным моры. Цяпер падыход да стэлажоў цалкам адкрыты. Кожны з чытачоў можа падысці да паліц і выбраць тое, што яму падабаецца. Таксама абсталяваны зручныя лакацыі для чытачоў, дзе можна пасядзець, пагартаць часопіс, кнігу. І наведвальнікам бібліятэкі гэта ўжо падабаецца. Дарэчы, работнікі не звярталіся па дапамогу да дызайнераў, абышліся сваімі сіламі.
"Віцебскія весці"