У Віцебску ў памяць пра салдат Перамогі запусцілі ў неба 500 папяровых журавоў
…Акцыя пачалася роўна апоўдні ля мемарыяла «Тры штыкі», які стаў увасабленнем няўміручага подзвігу савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Маладыя віцябляне са школ і гімназій абласнога цэнтра прыйшлі на плошчу з сіне-белымі паветранымі шарыкамі. А потым акуратна прымацавалі да іх вырабленыя з паперы фігуркі. На гэты раз іх каля пяцісот. Сярод іх — і пяцікласніцы школы № 27 Вераніка Сямёнава:
— У такім мерапрыемстве ўдзельнічаю ўпершыню, але, думаю, гэта вельмі важна — не забыць сваіх воінаў-вызваліцеляў, дзякуючы якім мы можам жыць мірна і спакойна.
На адным журавеліку напішу імя майго прадзеда Ягора, падхоплівае вучань гэтай жа школы 11-гадовы Ягор Цераховіч:
— Ён — сапраўдны герой! Загінуў у Вялікую Айчынную, сваім целам закрыўшы баявога таварыша ад куль. На яшчэ адной белай птушынай фігурцы будзе імя маёй прабабулі — «Ліля». Яна перажыла жах канцлагера «5-ы полк» пад Віцебскам. Мне страшна і балюча нават уявіць, што ёй давялося вынесці… Цікаўлюся ваеннай гісторыяй сваёй сям'і, хачу даведацца як мага больш.
Шасцікласніца Кіра Шалухіна з пятай школы Віцебска рыхтуецца разціснуць далонь, выпускаючы шар, які рвецца на ветры ўверх:
— Журавікі — гэта сімвал памяці пра герояў, якія не вярнуліся з палёў бітваў. Мусіць, у кожнай беларускай сям'і ёсць свае героі Вялікай Айчыннай і традыцыі, звязаныя з Днём Перамогі. Напрыклад, у нас дома на 9 Мая прынята ўсім разам хадзіць на плошчу Перамогі.
Патрыятычная акцыя арганізавана цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Віцебска. Яе дырэктар, член праўлення гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Алена Багаценк падзялілася:
— Цяжка пераацаніць значнасць, кранальнасць нашага мерапрыемства, якое стала незвычайнай і дзейснай формай выхаваўчай працы. У акцыі ёсць галоўнае — далучэнне юных спадчыннікаў Перамогі да гісторыі сваёй сям'і, выхаванне ў школьнікаў такіх пачуццяў як патрыятызм, спачуванне, гонар за сваю краіну, за нашых герояў-вызваліцеляў. Кожную беларускую сям'ю закранула сваім чорным крылом вайна. На жураўліках удзельнікі акцыі пішуць імёны родных, якія былі сведкамі Вялікай Айчыннай, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху, загінулі на фронце, прайшлі лагеры смерці… Перад акцыяй работнікі бібліятэк распавядаюць дзецям пра сімвал белага журава. Фінальным акордам нашай акцыі невыпадкова стала песня «Жураўлі» у пранікнёным выкананні Марка Бернеса. Менавіта пад яе гукі мы запускаем уверх нашы шары разам з сімвалічнымі папяровымі фігуркамі «на борце».
Дарэчы, ЦБС Віцебска не першы год супрацоўнічае з калегамі з Белаярскага раёна Расіі. Сёння ў раёне-пабраціме горада над Дзвіной таксама пройдзе "Дзень белых жураўлёў".