У Віцебску напярэдадні Дня работнікаў гандлю ўшанавалі найлепшых работнікаў галіны

Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Жанна Лістападава, поспехі галіны шмат у чым залежаць ад кадраў, іх прафесійнага ўмення, адукацыйнага і культурнага ўзроўню. У сферы гандлю сёння працуюць больш за 36 тысяч чалавек, зладжаныя і дакладныя дзеянні якіх даюць свае вынікі.

Сярод узнагароджаных – калектыў ЗАТ «Фенек», які адзначаны Ганаровым дыпломам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь «Бронзавы Меркурый» у намінацыі «За лепшую арганізацыю грамадскага харчавання».
Нагрудныя знакі «Выдатнік гандлю Рэспублікі Беларусь» уручаны загадчыку крамы «Ганна» №2 ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Алене Драздоўскай, загадчыку вытворчасці камбіната школьнага харчавання ва ўстановах адукацыі КУП «Гасцінічны комплекс «Наваполацк» Алене Сцішы, начальніку аддзела гандлю і паслуг Аршанскага райвыканкама Ірыне Марціновіч. На Дошку гонару Віцебскай вобласці за дасягненне найлепшых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця занесена ААТ «Веста» (дырэктар – Рэйман Веніямінавіч).



