У Віцебску ўпершыню праходзіць Дзень Ізраіля

9 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзень Ізраіля сёння ўпершыню праходзіць у Віцебску. Яго правядзенне ў Беларусі стала добрай традыцыяй, якую падтрымліваюць пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь і Ізраільскі культурна-інфармацыйны цэнтр пры пасольстве, расказаў карэспандэнту БЕЛТА першы сакратар пасольства Ізраіля ў Беларусі Генадзь Палішчук. Дні Ізраіля ўжо праходзілі ў Мінску, Гомелі, Магілёве. Жыхарам гэтых гарадоў прадставілася магчымасць больш даведацца пра Дзяржаву Ізраіль, яго культуру, традыцыі. У Віцебску адкрыюцца фотавыставы "Ізраіль новым поглядам", "Terra. Палёт над Ізраілем", "Гонар нацыі", адбудзецца святочны канцэрт, прагляд дакументальных фільмаў пра яўрэйскую дзяржаву. Студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта і медуніверсітэта будуць прачытаны лекцыі аб дасягненнях сучаснага Ізраіля. Бібліятэка замежнай літаратуры атрымае ў дар кнігі ізраільскіх аўтараў, перакладзеныя на рускую мову. Знаёмства з культурай маладой дзяржавы ў віцябчан супала з яўрэйскім святам Ханука. Таму арганізатары вырашылі прадставіць публіцы збор ханукальных падсвечнікаў, традыцыя вырабу якіх нарадзілася яшчэ ў Х стагоддзі. Хоць у Віцебску прадстаўлены работы сучасных аўтараў, многія з іх зроблены на аснове старых узораў, якія ўвасабляюць гісторыю старажытнага народа. "Адносіны паміж беларускім і яўрэйскім народамі складаліся стагоддзямі, Беларусь і Ізраіль працягваюць іх, а культура з'яўляецца мостам, які будуецца для таго, каб паміж дзяржавамі развіваліся адносіны ў розных сферах", - падкрэсліў Генадзь Палішчук. -0-