У Віцебску ўручылі юбілейныя медалі "110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі"

Знакамітых віцебскіх спартсменаў, трэнераў і кіраўнікоў Віцебскага абласнога спартыўнага клуба ФПБ адзначылі 16 лютага ў Віцебскім абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

 

Тут адбылася цырымонія ўручэння юбілейных медалёў «110 гадоўпрафсаюзнамурухуБеларусі» за значны уклад у развіццё прафсаюзнага спорту і ў сувязі з 80-годдзем стварэння Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства.

 

Адкрыў цырымонію старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель, які павіншаваў прысутных, адзначыўшы велізарны ўклад кожнага з іх на спартыўнай арэне. Таксама Іван Канстанцінавіч падкрэсліў, што штогод перад абласным спартыўным клубам ставяцца вельмі сур’ёзныя задачы па падрыхтоўцы спартсменаў. З 13 спартыўных школ абласной структуры 9 маюць статус спецыялізаваных. У іх займаюцца сёння больш за пяць з паловай тысяч дзяцей, з якімі працуюць 260 трэнераў. Развіваецца 21 від спорту. Толькі ва ўжо мінулым годзе ў падведамных установах падрыхтаваны 21 майстар спорту, 77 кандыдатаў у майстры спорту, заваявана 34 медалі на чэмпіянатах свету,

чэмпіянатах Еўропы і спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. У спісах нацыянальных зборных каманд знаходзяцца 48 навучэнцаў і выхаванцаў. Трое выхаванцаў прафсаюзных спартыўных школ увайшлі ў склад алімпійскай каманды і рыхтуюцца да ўдзелу ў Алімпіядзе 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра.

 

Узнагароды ў гэты дзень атрымалі дырэктар, трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па адзінаборствах Ігар Каныгін, трэнер-выкладчык па веласпорце Віцебскай абласной спартыўнай школы прафсаюзаў па веласпорце «Вікторыя» Уладзімір Печарын, дырэктар установы «Віцебская абласная ДЮСШ прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ «Альбатрос» Віктар Сімакоў, інструктар-метадыст установы «Віцебская абласная СДЮШАР прафсаюзаў па зімовых відах спорту «Алімпіец» Валерый Урублеўскі і іншыя (усяго 11 узнагароджаных).

16-разовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы, у 2003 годзе сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы,  у 2004 годзе  бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Афінах, цяпер намеснік дырэктара Віцебскай абласной спартыўнай школы прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы і боксе «Спартальянс» Таццяна Стукалава, атрымаўшы ўзнагароду, прызналася, што крыху хвалявалася: «Для мяне гэтая ўзнагарода - паказчык таго, што я не дарма прысвяціла сябе прафсаюзнаму спорту. У нашай школе займаюцца сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Але пераможцамі становяцца далёка не ўсе. Спадзяюся, у маіх выхаванцаў усё атрымаецца», - сказала Таццяна Сяргееўна.

Пасля ўручэння ўзнагарод удзельнікаў мерапрыемства чакала чаяванне, падчас якога яны маглі ў неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць са сваімі калегамі-спартсменамі і кіраўніцтвам абласнога аб'яднання прафсаюзаў.

 

Алена Усцінава,

спецыяліст па сувязях з грамадскасцю

ФПБ па Віцебскай вобласці.