У Віцебску ўручылі прэмію абласнога Савета дэпутатаў юным талентам у сферы культуры
Сёлета ўладальнікам абласной прэміі стаў Глеб Мядзведскі, выхаванец педагога Алены Яшчанкі. За трыццаць гадоў працы ў школе Алена Мікалаеўна выхавала пяць стыпендыятаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. Яе вучні станавіліся лаўрэатамі міжнародных фартэпіянных конкурсаў, у прыватнасці, Глеб Мядзведскі ў свой час прывёз дыплом з Чэхіі, а сёлета з Санкт-Пецярбурга.
– Я з дзяцінства захоплены музыкай. Мая бабуля і мама граюць на фартэпіяна, яны мяне, можна сказаць, падштурхнулі да гэтага інструмента, які я вельмі палюбіў. Дома мы часам разам музыцыруем, – расказвае Глеб.
А вось Анастасія Якубёнак з малых гадоў захапілася маляваннем. Яна выпускніца сёлетняга года дзіцячай мастацкай школы імя І. Хруцкага Наваполацка. Насця прымала ўдзел у розных пленэрах, адкуль прывозіла дыпломы пераможцы. З яе працамі можна было азнаёміцца на выставе ў школе, дзе праходзіла ўзнагароджанне. Апроч жывапісных карцін тут прадстаўлены і аўтарскія лялькі. У прыватнасці, яна выявіла свайго дзядулю з унучкай. Цяпер Насця вучыцца ў дзясятым класе ліцэя і пасля заканчэння школы марыць стаць дызайнерам ці архітэктарам.
Дар'я Міхно і Крысціна Палавінская прыехалі за ўзнагародай з Лепеля. Дзяўчаты займаюцца ў дзіцячай школе мастацтваў. Дар'я спявае, Крысціна грае на скрыпцы.
– Дзяржава надае вялікую ўвагу таленавітай моладзі. Сёння мы ўручаем прэмію абласнога Савета дэпутатаў, якая заснавана ў 2014 годзе. За мінулыя гады яе атрымалі больш за 140 чалавек. Сёлета прэмія прысуджана дзесяці навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў вобласці і шасці навучэнцам музычных і каледжа культуры і мастацтваў. Усе яны пераможцы заключных этапаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных творчых конкурсаў, алімпіяд у сферы культуры. Будзем і надалей аказваць падтрымку юным талентам, якія ў будучыні праславяць нашу вобласць і краіну, – адзначыў, уручаючы ўзнагароды, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
Пасля ўрачыстай цырымоніі яе героі прадэманстравалі свае таленты на сцэне. Канцэрт стаў яркім пацвярджэннем заслужаных узнагарод выканаўцам, якія занялі годнае месца на п'едэстале поспеху.