У Віцебску сустрэлі міратворцаў, якія вярнуліся з Казахстана
Сёмая гадзіна вечара. Мусіць, у такі час ля брамы 103-й брыгады ўпершыню столькі народу. Сваякі, саслужыўцы, запрошаныя госці – усе чакаюць міратворцаў. Цікава, што шмат сем’яў з дзецьмі. Капітан Раман Сенькоўскі таксама прыйшоў сюды з маленькім сынам Іванам і жонкай Анастасіяй. Вучыцца мужнасці і годнасці трэба менавіта на такіх – самых лепшых прыкладах, лічыць Раман Аляксандравіч:
– Сустракаю таварыша, з якім дружым сем’ямі. Якое пачуццё выпрабаваў, даведаўшыся, што нашы хлопцы адпраўляюцца ў міратворчую місію ў брацкі Казахстан? Вядома, гордасць! Паступіла задача, і яны яе з гонарам выканалі. Хачу, каб сын на свае вочы бачыў, што такое быць сапраўдным абаронцам.
Слёз радасці не хавае Людміла Гросу, маці аднаго з міратворцаў. Яе адзінаму сыну Вадзіму 29 гадоў і, каб лішні раз не хваляваць родных, ён папрасіў не сустракаць яго па прыездзе. Але мама і яе блізкая сяброўка, якія чакаюць вайскоўца з букетам чырвоных руж, падрыхтавалі для яго сюрпрыз. Тата застаўся дома, накрывае на стол, дзе не абыдзецца без любімай стравы Вадзіма – салаты «Аліўе».
У нас дынастыя, дзеліцца Людміла Рыгораўна:
– Мой муж – афіцэр, падпалкоўнік, сын пайшоў па яго слядах, служыць па кантракце. Што такое патрыятызм, у нашай сям'і ведалі заўсёды і не з чутак. Мой родны дзядзька, стрыечны дзядуля Вадзіма, у 1945-м служыў у брыгадзе савецкіх воінаў, якія ўзнялі Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. Дзве мае цёткі былі сувязнымі ў партызанскім атрадзе. Зусім маладых дзяўчат іх забілі паліцаі… Навіна аб тым, што Павел разам з таварышамі адправіўся ў Казахстан у міратворчую місію для нас стала нечаканасцю. Настолькі, што пра гэта мы даведаліся са СМІ. А далей вывучалі тыя страшныя падзеі, якія адбываліся ў Казахстане, так пільна, як толькі маглі. Удзячная Богу, што ён зберагаў нашых дзяцей! А таксама ад імя ўсіх маці – шчыры дзякуй камандзірам, якія вярнулі сыноў нам, на родную беларускую зямлю жывымі і здаровымі. Падобная місія – першая за 30 гадоў, так што нашы хлопцы сталі часткай гісторыі. Ганарымся! Разумеем, што дзяржаўны пераварот у Казахстане не здарыўся, у тым ліку дзякуючы нашым міратворцам. А яшчэ выказваем надзею, што ва ўсім свеце будзе мір і падобнае не паўторыцца.
Людміла Гросу лічыць, што міратворцы 103-й брыгады могуць стаць тымі самымі праваднікамі, якія дадуць маладому пакаленню Беларусі ўрок патрыятызму. Як рэальныя сведкі падзей у Казахстане прыйдуць у школы, каледжы, ВНУ, каб расказаць, што ваенная дружба, братэрства ўсіх нашых рэспублік – гэта важная сіла.
Прыбыўшую калону тэхнікі з асабовым складам міратворцаў сустракалі дружным «Ура» і апладысментамі. Першым тых, хто вярнуўся дадому, прывітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін:
– Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць! Адна з самых складаных, небяспечных і адначасова самых высакародных і ганаровых. Вы паказалі, што годна нясеце сцяг сваёй часці, з'яўляецеся гордасцю краіны і па праву – прадаўжальнікамі традыцый, якія заклалі вашы папярэднікі. За апошнія дні вы зрабілі вельмі важную справу: паказалі, што беларусы могуць выканаць любую задачу, што мы маем высокую баяздольнасць і заўсёды гатовыя падставіць плячо саюзнікам, ніколі не адмаўляемся ад прынятых абавязацельстваў. І самае галоўнае, вы далі зразумець усяму свету, што не дай бог нешта здарыцца, мы і нашы саюзнікі станем плячом да пляча ў гатоўнасці адказаць на любы выклік.
Пасля афіцыйнай часткі міратворцаў чакала самае прыемнае – цёплыя словы і абдымкі маці і жонак, сыноў і дачок. Афіцэры часта стрыманыя на словы, але іх твары бездакорна расказалі – вось яно, чыстае шчасце. Эмоцыі перапаўняюць, прызнаецца міратворац Дзмітрый Яцук:
– Умовы, у якіх праходзіла місія, для нас звыклыя, дзякуючы вучэнням. А самым запамінальным, яркім момантам місіі стаў… прылёт у Беларусь. Стан, калі сыходзіш з трапа і разумееш: нарэшце ты дома.
Чаканне далося няпроста і жонцы Дзмітрыя – Алене:
– Першыя дні былі самымі складанымі з-за адсутнасці сувязі. Сваякі, знаёмыя, усе, хто ведае, што муж у міратворчай роце, вельмі перажывалі. Хваляваліся за тату і 5-гадовая Ангеліна з 3-гадовым Арсеніем. Сёння мы ўсе разам, і гэта пачуццё ні з чым не параўнаць. Быць жонкай вайскоўца – гэта пра адказнасць, тыл, падтрымку. Упэўнена, знаходзячыся ў Казахстане, наш муж і тата дакладна ведаў: хай не побач, але мы заўсёды ў душы з ім.
Яшчэ адзін міратворац Максім Мілаванаў дзеліцца:
– Задачы, пастаўленыя перад нашым кантынгентам, выкананы ў поўным аб'ёме. Мы ахоўвалі ваенны аэрадром, забяспечвалі яго абарону. Цесна ўзаемадзейнічалі з казахскімі калегамі, разам арганізаваўшы ўсё на вышэйшым, прафесійным узроўні. Асабіста я быў упэўнены ў кожным удзельніку нашай місіі! І хлопцы не падвялі.
Ці разумее ён, што разам з іншымі беларускімі міратворцамі стаў часткай гісторыі? Суразмоўца шчыра адказвае, што пакуль яшчэ не. Зараз задача максімум для віцябляніна крыху іншая – не баявая, не вучэбная, а чалавечая. Прыйсці дадому, абняць жонку Юлію, дачку Дарыну і сына Ягора. Яны не на плацу, але з нецярпеннем чакаюць тату дома.