У Віцебску выбары ў абласны Савет дэпутатаў пройдуць у 17 акругах

У Віцебску выбары ў абласны Савет дэпутатаў пройдуць у 17 акругах. Пра гэта паведаміў сёння на першым пасяджэнні Віцебскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандр Бутараў.

У параўнанні з выбарамі ў абласны Савет 2014 года колькасць выбаршчыкаў у Віцебску павялічылася практычна на 2 тыс. чалавек, таму ў горадзе выбары пройдуць у 17 акругах (у папярэднюю аналагічную кампанію іх было 16). Новая акруга будзе называцца Горкаўскай. Практычна ўсе акругі Віцебска ўтвораны ў межах існуючых раёнаў горада, за выключэннем Праўдзінскай, у склад якой увайшлі прылеглыя часткі Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў. Найбольшая колькасць акруг у Першамайскім раёне – 9, у Кастрычніцкім – 5, Чыгуначным – 2. У цэлым у вобласці падчас цяперашняй выбарчай кампаніі выбары пройдуць у 60 акругах, сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на акругу – 14 569 чалавек.

"Прапановы па фарміраванні выбарчых акруг былі прапрацаваны з выканкамамі базавага ўзроўню, улічаны геаграфічныя асаблівасці размяшчэння адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Патрабаванні Выбарчага кодэкса да фарміравання выбарчых акруг выкананы. Усе акругі складаюць адзіную тэрыторыю", – адзначыў Аляксандр Бутараў. Мяжы ўтвораных выбарчых акруг будуць адрознівацца ад дзялення, якое было падчас выбараў прадстаўнікоў у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў 27-га склікання. У рэгіёне не засталося акруг, якія супадаюць з тэрыторыяй раёна, у Лепельскім і Глыбоцкім раёнах будзе ўтворана па дзве акругі, тэрыторыі іншых сельскіх раёнаў удзельнічаюць у сумесным фарміраванні акруг.

Ёсць у рэгіёне акругі, якія сфарміраваны з тэрыторый адразу некалькіх раёнаў. Так, да прыкладу, Бігосаўская акруга ўключае прылеглыя тэрыторыі Браслаўскага, Верхнядзвінскага і Міёрскага раёнаў, Чашніцкая – тэрыторыі Чашніцкага, Сенненскага і Талачынскага раёнаў, Расонская – тэрыторыі Полацкага, Расонскага раёнаў, а таксама

гарпасёлак Баравуха, пасёлак Міжрэчча, якія знаходзяцца ў адміністрацыйным падпарадкаванні Наваполацка. На тэрыторыі Аршанскага раёна будзе ўтворана 8 выбарчых акруг, па 5 акруг – у межах Полацкага раёна і Наваполацка (усяго 10). Акруга, якая існавала раней і не будзе ўтварацца, – Валосаўская (у яе ўваходзілі тэрыторыі Талачынскага і Сенненскага раёнаў).

На першым пасяджэнні Віцебскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання абраны яе старшыня. Ім стаў Дзмітрый Хома – начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. На арганізацыйным пасяджэнні камісіі таксама былі абраны намеснік старшыні і сакратар, устаноўлены дзяжурствы.

БЕЛТА.