У Віцебску вынесен прысуд па крымінальнай справе аб распаўсюджванні спайсаў праз інтэрнэт
У Віцебску вынесен прысуд па шматэпізоднай крымінальнай справе аб распаўсюджванні псіхатропных рэчываў і іх аналагаў праз інтэрнэт, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік пракурора горада Віцебска, дзяржаўны абвінаваўца па справе Аляксей Лысакоў.
Суд Першамайскага раёна абласнога цэнтра вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да трох асоб па ч.3 арт.328 КК Беларусі. З улікам характару і павышанай ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства двое распаўсюджвальнікаў, якім на момант здзяйснення злачынства не было 18 гадоў, асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі кожны, трэці (з улікам таго, што яму інкрымінуецца яшчэ і кіраванне ў нецвярозым стане) канчаткова атрымаў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 13 гадоў і 6 месяцаў (знаходжанне ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці).
Яшчэ адзін абвінавачваны па справе знаходзіцца ў вышуку.
Як раней паведамлялася, група распаўсюджвальнікаў спайсаў у Віцебску за тыдзень прадавала да 1 кг курыльных сумесяў. Псіхатропы ў Віцебску і вобласці рэалізоўваліся з выкарыстаннем камп'ютарных праграм для абмену імгненнымі паведамленнямі. Агульная схема збыту псіхатропных рэчываў уяўляла сабой наступныя дзеянні: спажывец наркотыку рэгістраваўся ў адной з праграм, напрыклад Skype, пад нейкім выдуманым імем, дадаваў у спіс кантактаў карыстальніка "Абракадабра Віцебск", пасля чаго вялася перапіска, падчас якой спажывец рабіў заказ на пэўную колькасць рэчыва. "Абракадабра Віцебск" праз паведамленне перадаваў нумар электроннага кашалька, на які неабходна было перавесці грошы, далей у паведамленні збытчык паказваў дакладнае месца "закладкі" "тавару".
Алена Ціханава