У Віцебску выйшла кніга пра музычнае жыццё горада ў пачатку ХХ стагоддзя

В Витебске вышла книга о музыкальной жизни города в начале ХХ века

Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці і Музей Марка Шагала выдалі кнігу Гаўрыіла Юдзіна "Музычнае жыццё Віцебска ў першай чвэрці ХХ стагоддзя". Яе прэзентацыя адбылася ў Музеі Шагала ў Віцебску.

На старонках невялікага томiка ажывае шматгранны музычны свет Віцебска пачатку мінулага стагоддзя. У гэту унікальную кнігу ўвайшлі ўспаміны Гаўрыіла Якаўлевіча Юдзіна – ураджэнца Віцебска, савецкага дырыжора, педагога і кампазітара, дваюраднага брата выдатнай піяністкі Марыі Веніямінаўны Юдзінай.

Гаўрыіл Юдзін нарадзіўся ў Віцебску ў 1905 годзе, вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі, працаваў у опернай студыі Вялікага тэатра, дырыжорам оперных тэатраў у Маскве, Уфе, Пермі, Самары, у філармоніях розных гарадоў Расіі, Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Але Віцебск не адпускаў яго на працягу ўсяго жыцця. У канцы 60-х гадоў Юдзін прыехаў у Віцебск, дзе карпатліва, па крупіцах збіраў у бібліятэцы інфармацыю, якая тычыцца музычнага жыцця горада: аб музыкантах, якія гастралявалі тут, канцэртах і выступленнях на сцэне Гарадскога тэатра і ў парках. Атрымалася летапіс канцэртнага жыцця горада 1900-1917 гадоў (асноўнай крыніцай для аўтара была газета "Віцебскія ведамасці").

Рукапіс Юдзіна трапіў у Музей Шагала: яе перадала маскоўскі мастацтвазнаўца Аляксандра Шатскіх. І толькі зараз з'явілася магчымасць выдаць яе.

У кнігу ўвайшлі цікавыя факты пра Віцебскі дзяржаўны сімфанічны аркестр, які існаваў у горадзе ў 1919-1921 гадах. Як распавяла Святлана Мясаедава, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, з'яўленне аркестра датуецца 1919 годам, а працэс яго фарміравання пачаўся на год раней, калі было ўтворана Віцебскае аддзяленне саюза аркестрантаў. Яго члены звярнуліся да ўладаў з прапановай стварыць аркестр і прадаставіць яму час для рэпетыцый у Дзяржаўным тэатры. Да гэтага ж часу ў Віцебску з'явілася народная кансерваторыя, куды набіраў выкладчыкаў выдатны пецярбургскі музыкант Мікалай Андрэевіч Малька. У лістападзе 1918 года як старшыня мастацкага савета народнай кансерваторыі Малька прапанаваў ладзіць канцэрты па панядзелках і чацвяргах у Гарадскім тэатры. 9 снежня 1918 года ў Віцебску адбыўся першы сімфанічны канцэрт аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Малькі.

З гэтага моманту сімфанічная музыка стала часткай гарадскога жыцця. Аркестр набыў небывалую папулярнасць у віцебскай публікі, ён даваў канцэрты ў Віцебску і губерні. Па сведчаннях сучаснікаў, канцэрты карысталіся выключнай папулярнасцю, а Гарадскі тэатр заўсёды быў перапоўнены. У маі 1919 года сімфанічны аркестр быў перададзены ў веданне Віцебскага акруговага музычнага аддзела Народнага камісарыята асветы РСФСР і рэарганізаваны ў Дзяржаўны. Аркестру была выдзелена летняя канцэртная пляцоўка ў гарадскім садзе "Елагі". Віцябляне проста "купаліся" ў музыцы. Жывую музыку можна было пачуць у садзе "Еўропа" на Канатнай вуліцы, у садзе на Арлоўскай плошчы і ў садзе імя Леніна.

Акрамя Мікалая Малько з аркестрам працавалі запрошаныя дырыжоры – Эраст Белінг, Георгій Шэйдлер. Некалькімі канцэртамі дырыжыравалі Уладзімір Бакалейнікаў, Анры Фортэр (французскі дырыжор і кампазітар) і іншыя. У склад калектыву ў розны час уваходзіла каля 50 чалавек (лічба недакладная, бо нехта звальняўся, а нехта наймаўся на працу): гэта група пецярбургскіх музыкантаў, якія прыехалі ў Віцебск у пошуках спакою, а таксама віцебскія музыканты рознай кваліфікацыі. За 1919 год аркестр даў 60 канцэртаў. Яго лічылі жамчужынай Віцебска, музычнае жыццё якога на пачатку ХХ стагоддзя дасягнула росквіту...

Малько пісаў: "...Як прыклад узгадаю Віцебск, дзе за два з паловай гады было дадзена 246 аркестравых канцэртаў, у большасці для арганізаванай аўдыторыі, не лічачы ваенных – за гэты тэрмін не менш за 50..." Але наступіў момант, калі музычны аддзел Народнага камісарыята асветы РСФСР не вылучыў сродкаў на ўтрыманне аркестра. Музыканты падоўгу не атрымлівалі заробку, паколькі каштарысы на ўтрыманне не былі зацверджаны. У выніку 11 кастрычніка 1921 года на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага гарвыканкама было прынята рашэнне аб ліквідацыі аркестра.

У кнігу ўвайшлі і іншыя малавядомыя падрабязнасці аб музычным жыцці Віцебска пачатку мінулага стагоддзя. Так, мы даведваемся, што ў Віцебску гастралявалі выдатныя музыканты – оперны спявак Леанід Собінаў, скрыпачы Леапольд Аўэр, Яша Хейфец і іншыя, што тут да рэвалюцыі ішло бурлівае опернае жыццё, прыязджалі сюды і зоркі сусветнага балета.

Асобная глава адведзена выдатнаму віртуознаму скрыпачу ХХ стагоддзя Карлу Рыгоравічу, які пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года жыў і працаваў у Віцебску, выкладаў у гарадской кансерваторыі.

Кажучы пра музычны Віцебск таго часу, аўтар не можа не ўзгадаць выдатную піяністку Марыю Юдзіну, якая ў 1906-1912 гадах ездзіла са свайго роднага Невеля ў Віцебск на заняткі музыкай. Затым паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю, працавала ў Ленінградскай, Тыфліскай кансерваторыях, інстытуце імя Гнесіных, была любімай піяністкай Сталіна. Асоба гэтай таленавітай, цвёрдай у сваіх перакананнях жанчыны па сённяшні дзень натхняе многіх вялікіх музыкантаў.

Кніга Г. Юдзіна "Музычнае жыццё Віцебска ў першай чвэрці ХХ стагоддзя" выдадзена тыражом 300 экз. мінскім выдавецтвам "Медысонт" у снежні 2013 года. Як распавяла дырэктар Музея Шагала Людміла Хмяльніцкая, гэтым выданнем музей адкрывае серыю кніг пра гісторыю Віцебска "Кніжная лаўка дома Шагала". Наступныя выданні працягнуць распавядаць пра горад і людзей, лёс якіх звязаны з Віцебскам.

Antrakt.by