У Віцебску выступіць моладзевае трыа з Пецярбургскай філармоніі
2 лістапада а 18.30 у зале Віцебскай абласной філармоніі выступіць моладзевае трыа Санкт-Пецярбургскай філармоніі ім. Д.Д.Шастаковіча, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Алеся МАРАЗАВА – фартэпіяна, Ян ТОМІЛАЎ - скрыпка, Раман КІСЯЛЕЎ - віяланчэль. У канцэрце прымае ўдзел заслужаны артыст Расіі Данііл Мееровіч – альт.
Камерныя ансамблі (трыа, квартэты), у якіх прадстаўлена ўсё сямейства струннай групы аркестра, застаюцца ў цяперашні час папулярнай формай камернай музыкі. Тэмбравы склад ансамбля дазваляе кампазітарам ствараць высокія мастацкія вобразы і перадаваць глыбокія эмоцыі, якія супастаўныя з драматургіяй сімфоній. Невыпадкова гэты жанр, народжаны ў эпоху класіцызму, атрымаў актыўнае развіццё ў рамантызме і асаблівую пранікнёнасць вобразаў набыў у творчасці рускіх кампазітараў.
Стварэнне камерных ансамбляў заўсёды было прыярытэтнай галіной дзейнасці многіх буйных аркестравых калектываў. Маладыя артысты легендарнага калектыву – Акадэмічнага сімфанічнага аркестра Санкт-Пецярбургскай філармоніі, лаўрэаты міжнародных выканальніцкіх конкурсаў – прадставяць віцебскаму слухачу найвядомейшыя творы сусветнай камернай класікі, у тым ліку творы Гайдна, Рахманінава, Арэнскага.
Упершыню ў Віцебску будзе гучаць вядомы квартэт Густава Малера, які мае сваю цікавую гісторыю стварэння. Для выканання гэтага твора разам з маладымі музыкамі прыедзе Заслужаны артыст Расіі Данііл Мееровіч (альт), творчасць якога добра вядомая віцебскай публіцы. Вядомы квартэт ім. Стравінскага, у якім працуе альтыст, некалькі разоў радаваў сваімі выступленнямі на фестывалях ім. І.І.Солерцінскага.
Такое спалучэнне маладосці і сталасці, запалу і стрыманасці, бясконцага майстэрства і віртуознасці трэба будзе пачуць на канцэрце, у якім прагучаць:
Трыа Соль мажор. Й. Гайдна
Элегічнае трыа соль мінор. С. Рахманінава
Трыа рэ мінор. А. Арэнскага
Квартэт для фартэпіяна, скрыпкі, альты і віяланчэлі. Г.Малера (першае выкананне ў Віцебску)