У Віцебску выступяць сямейныя ансамблі з усёй Беларусі
У Віцебску 21-22 верасня пройдзе II Усебеларускі фестываль сямейнай творчасці "Талантлівыя разам". На сцэне абласной філармоніі выступяць творчыя сем'і з дзецьмі, сямейныя ансамблі і нават калектывы, якія складаюцца з некалькіх сем'яў.
Як паведамілі ў аддзеле рэкламы "Цэнтра культуры "Віцебск", адным з самых прадстаўнічых калектываў на фестывалі стане шматсямейны ансамбль "Мішпоха" з Гомеля, у якім 19 чалавек. Прыедуць таксама ансамблі з Мінска, Полацка, Бабруйска, Магілёва, Пінска і іншых гарадоў краіны. Акрамя таго, у праграме прымуць удзел выхаванцы Богушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Бо гэтыя дзеці, як ніхто іншы, разумеюць каштоўнасць сям'і.
Удзельнікі фестывальнага конкурсу прадставяць вакальныя, харэаграфічныя, музычна-інструментальныя нумары, тэатралізаваныя пастаноўкі, сцэнкі арыгінальнага жанру. Журы, якое ўзначаліць рэжысёр тэатра і кіно з Мінска Андрэй Саўчанка, вызначыць прэтэндэнтаў на перамогу. Гран-пры фестывалю будзе ўручаны 22 верасня на ўрачыстым гала-канцэрце.
Сярод арганізатараў фестывалю - Цэнтр нацыянальных культур "Цэнтр культуры "Віцебск", Міжнародны дабрачынны фонд "Джойнт", Беларускі фонд міру і іншыя грамадскія аб'яднанні.