У Віцебску за 3 дні каля 300 чалавек зрабілі платныя тэсты на антыцелы да COVID-19

В Витебске за 3 дня около 300 человек сделали платные тесты на антитела к COVID-19

За тры дні ў Віцебску зрабілі каля 300 экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19.

Магчымасць вызначыць, ці кантактаваў чалавек раней з каронавірусам, па жаданні пацыента цяпер з'явілася і ў жыхароў паўночнай сталіцы Беларусі. З 15 чэрвеня ў Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры пачалі тэсціраванне на платнай аснове.

Каб пазбегнуць натоўпу, падыход да аказання паслуг быў прадуманы ад пачатку. Па-першае, запіс праводзіцца па тэлефонах (42-55-54 і 42-63-69) і на сайце ўстановы. Па-другое, для наведвальнікаў арганізавалі асобны ўваход (ён знаходзіцца справа ад галоўнага). Па-трэцяе, усіх абавязалі прыходзіць у масках. Па-чацвёртае, паміж наведвальнікамі ўстанавілі інтэрвал у 10 хвілін.

Штодня кроў на аналіз тут бяруць прыкладна ў сотні чалавек. Тэсціраванне праводзіцца ў буднія дні з 8.00 да 15.00. Пры сабе неабходна мець пашпарт. Адказы можна атрымаць у той жа дзень з 16 да 20 гадзін. Каштуе такая паслуга для беларусаў 21 рубель 80 капеек, для замежнікаў – 37 рублёў 80 капеек.

Самі тэст-сістэмы – кітайскія, высокадакладныя і адчувальныя. Дыягназ па іх ставяць на падставе колькасці атрыманых палосак на тэст-сістэме. Адна – адмоўны вынік. На ўзроўні літары G – інфікаванне было, прычым дастаткова даўно, асцярог няма. Калі палоска паказвае на літару M – вірус знаходзіцца ў арганізме. Такі вынік будзе станоўчым, хоць у чалавека можа і не быць сімптомаў хваробы.

– У выпадку выяўлення віруса мы перадаём даныя ў паліклініку па месцы жыхарства. Гэта прапісана ў дамове, – адзначае загадчык лабараторыі абласнога дыягнастычнага цэнтра Аляксей Цецяроў. – У кожнай сітуацыі будуць разбірацца індывідуальна інфекцыяністы на месцах.

– Мне здаецца, што ў сакавіку я ўжо перахварэла на каранавірус, былі падобныя сімптомы, але тэст не здавала, – распавядае віцяблянка Ірына Гапон. – Дагэтуль выконваю ўсе меры засцярогі. Але разам са мной пражывае бабуля. Хацелася б дакладна ведаць, была інфекцыя ці не.

Па словах галоўнага ўрача Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра Святланы Громавай, праяўляюць ініцыятыву не толькі радавыя грамадзяне, але і кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў, якія хочуць цэнтралізавана праверыць сваіх падначаленых. З улікам павышанага попыту на паслугу ўстанова выдзеліла для арганізаваных груп дадатковы дзень – суботу. Для гэтага трэба запісацца па тэлефоне 42-55-55.

Таксама з 15 чэрвеня ў Віцебску з'явілася магчымасць здаць тэсты непасрэдна на COVID-19 метадам ПЦР на платнай аснове. Зрабіць гэта можна ў паліклініцы на вул. Маргелава. Між тым, галоўны ўрач Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч падкрэслівае: дадзеная паслуга даступная выключна для тых, хто выязджае за мяжу. Некаторыя краіны, напрыклад, Украіна і Егіпет, выставілі абавязковую ўмову: наяўнасць на руках сертыфіката аб адсутнасці каранавіруснай інфекцыі. Прычым дзейнічае гэты тэст усяго некалькі дзён да моманту перасячэння мяжы. Таму, калі вы збіраецеся на адпачынак у жніўні, няма сэнсу рабіць тэст зараз. Забраць вынік можна будзе на наступны дзень пасля здачы аналізу. Яшчэ адзін важны момант: пры сабе неабходна мець не толькі пашпарт, заяву (бланк можна спампаваць на сайце ўстановы), але і дакумент, які пацвярджае выезд за мяжу. Напрыклад, білет на самалёт. Кошт даследавання 33 рублі для беларусаў, 42 – для замежнікаў.

Алена МЯДЗВЕЦКАЯ, "Віцебскія весці".