У Віцебску запасное футбольнае поле ЦСК адкрылася пасля рэканструкцыі

Учора ў Віцебску прайшла цырымонія урачыстага адкрыцця пасля рэканструкцыі запаснога футбольнага поля ЦСК, на якім было ўкладзена новае сучаснае штучнае пакрыццё.


Гэта доўгачаканая падзея для аматараў спорту №1, бо ў абласным цэнтры, на жаль, адчуваецца востры дэфіцыт якасных футбольных газонаў для спаборніцтваў усіх узроўняў. 

Старшыня гарвыканкама Віктар Мікалайкін нагадаў, што рашэнне аб поўнай замене верхняга пакрыцця поля было прынята крыху больш за год таму, і нарэшце пасля капітальнага рамонту яно ўведзена ў эксплуатацыю. Падрадчыкам выступіла ТАА «ПлісаБуд». Кошт рэканструкцыі склаў 3,8 млрд недэнамінаваных рублёў, з іх больш за 3 млрд пайшло на набыццё імпартнага пакрыцця. Работы, па ацэнках спецыялістаў, выкананы якасна.

Віктар Паўлавіч асабліва падкрэсліў, што сёння ў Віцебску ў секцыях футбола займаюцца больш за тысячу юных спартсменаў. А колькі яшчэ ганяюць мяч па-за школамі! Радуе, што матэрыяльна-тэхнічная база агульнымі намаганнямі ўмацоўваецца і развіваецца. Гэта залог таго, што галоўная каманда абласнога цэнтра будзе папаўняцца пісьменнай і тэхнічнай моладдзю.

Такі ж лейтматыў быў і ў прывітальным слове начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіля Захарэвіча. Ад імя кіраўніка вобласці Мікалая Шарснёва былі ўручаны карысныя падарункі: спартыўная форма для трэнераў і мячы для выхаванцаў.

Рахманыя гаспадары з ФК «Віцебск» не пакінулі без справы і старое пакрыццё, знятае год таму: сёння на ім шліфуюць сваё майстэрства хлопцы са спартыўнай школы клуба майстроў. Пасля заканчэння ўрачыстай часткі з пераразаннем сімвалічнай чырвонай стужачкі і першым ударам па мячы Віктара Мікалайкіна і Васіля Захарэвіча тут адбыўся матч каманд выхаванцаў СДЮШАР розных узростаў, якія па вартасці ацанілі якасць новага пакрыцця.

Запасное поле спорткомплекса (а старое пакрыццё

праслужыла больш за 10 гадоў) стала блізкім і проста аматарам здаровага ладу жыцця, бо яго можна было арандаваць у вольны ад матчаў і трэніровак час усім ахвотным. Гаспадары абяцаюць аднавіць традыцыю.

Дарэчы, у чарговым матчы чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе сінтэтычны газон апрабуюць сябры-сапернікі – дублёры «Віцебска» і наваполацкага «Нафтана».

Алесь Бынькоў. Фота Дзмітрыя Восіпава.«Віцебскія весці».