У Віцебску веды па арганізацыі ўласнай справы можна атрымаць у стартап-школе

Дапамагае зрабіць першыя крокі ў бізнесе маладая мама траіх дзяцей, прадпрымальнік са стажам і будучы гештальт-трэнер Вольга Халадовіч. Менавіта яна прапанавала стварыць у Віцебску стартап-школу, куды любы можа прыйсці абсалютна бясплатна. Ініцыятыву дзяўчыны і яе сацыяльны інфармацыйна-адукацыйны праект падтрымала Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў.

Заняткі праходзяць у форме семінараў, дыскусій, трэнінгаў. На іх Вольга і запрошаныя спікеры прадастаўляюць усю неабходную інфармацыю аб тым, як прайсці шлях ад ідэі да рэгістрацыі бізнесу. Бо не сакрэт, што менавіта на гэтым адрэзку існуе пагроза таго, што праект так і застанецца толькі ў думках. З чаго пачынаць? Дзе ўзяць грошы? Як распрацаваць бізнес-план? У якіх галінах карысна заняцца самаадукацыяй? На гэтыя і іншыя пытанні гатовыя адказаць у стартап-школе.

– Я сама зарэгістравала ІП, калі мне было 20 гадоў, занялася распрацоўкай рэкламнай прадукцыі. Візітоўкі, буклеты друкавала на сваім хатнім прынтары, – з усмешкай успамінае Вольга. – Але тады ж набіла і першыя гузы: атрымлівала штрафы ад таго, што не ведала, як правільна весці сваю справу.

Сучасны вопыт здабыла, калі давялося дапамагаць сябрам у рэалізацыі праектаў. Потым з мужам пераехала ў Санкт-Пецярбург, дзе атрымала каштоўныя веды аб карпаратыўных адносінах, маркетынгу і рэкламе. Калі зацяжарыла, вярнуліся назад у Віцебск. Тут Вольга аднавіла ІП і працягнула працаваць у сферы дызайну рэкламнай прадукцыі і маркетынгавага суправаджэння, пры гэтым удасканальваючы свае веды. Паспела заявіць аб сабе як дыпламант віцебскага інвест-уікэнда ў намінацыі «Самы моцны аўтар бізнес-праекта». Цяпер Вольга Халадовіч праходзіць курс навучання арганізацыйнаму кансультаванню, гештальт-тэрапіі ў МДГ. Ёй цікава перадаваць вопыт іншым, таму ў далейшым бачыць сябе кансультантам па маркетынгавым і стратэгічным планаванні. Лічыць, што без прадуманай маркетынгавай палітыкі ва ўмовах кліентаарыентаванай эканомікі прадпрыемствам цяпер не абысціся.

Аднак стартап-школа як праект сацыяльны будзе існаваць і далей. Бо інфармацыя, якая патрэбна топ-менеджменту буйной кампаніі, рэзка адрозніваецца ад неабходнай на першым этапе стварэння бізнесу.

– Місія стартап-школы – паменшыць рызыкі пачынаючых прадпрымальнікаў. Яны ўкладваюць сілы, энергію, рэсурсы, таму важна дакладна ведаць, у які бок рухацца і з якімі складанасцямі, магчыма, давядзецца сутыкнуцца. Часта трэба проста падтрымаць ідэю і ўсяліць упэўненасць, пераканаць, што ўсё атрымаецца, – распавядае Вольга.

Акрамя таго, адна з задач – павысіць імідж прадпрымальніцтва і эканамічную актыўнасць насельніцтва. На заняткі, якія праходзяць на базе бібліятэкі ім. М. Горкага, прыходзяць людзі рознага ўзросту, у тым ліку і студэнты, але ўсе яны хочуць аднаго – паспрабаваць сябе ў бізнесе, рэалізаваць свае здольнасці.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"