У Віцебскай дзіцячай абласной бальніцы з'явяцца аддзяленні афтальмалогіі і отарыналарынгалогіі
Пасля рэканструкцыі і мадэрнізацыі адкрыўся сучасны аперацыйны блок на 6 аперацыйных залаў, аснашчаных абсталяваннем па апошнім слове тэхнікі. І хоць з часу наваселля не прайшло і месяца, медыкі ўжо паспяхова правялі тут каля 70 хірургічных аперацый і паспелі ацаніць усе перавагі працы на якасна новым узроўні.
– Мы атрымалі высокатэхналагічнае аперацыйнае аддзяленне, якое адпавядае ўсім сусветным патрабаванням, – распавядае галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Піткевіч. – У кожным аперацыйным зале маецца спецыяльная сістэма падводкі медыцынскіх газаў і кандыцыянавання паветра, так званы клімат-кантроль. Пры выкананні аперацый дзецям, а асабліва нованароджаным, важныя жорсткія тэмпературныя і мікрабіялагічныя рэжымы.
Таксама ўсюды ўстаноўлена найноўшае медыцынскае абсталяванне, нешта мы набылі загадзя, нешта зусім нядаўна. Сёлета цэнтралізавана за рэспубліканскія сродкі быў набыты ультрасучасны камп'ютарны тамограф. Дарэчы, наша ўстанова першая сярод дзіцячых бальніц Беларусі атрымала дадзенае абсталяванне. Астатняя тэхніка набывалася за грошы абласнога бюджэту. У двух аперацыйных устаноўлены сучасныя лапараскапічныя стойкі, якія дазваляюць выконваць аперацыі не адкрытым спосабам, а праз невялікія адтуліны пры дапамозе оптыкі і маніпулятараў. Такія тэхналогіі менш траўматычныя для дзіцяці і спрыяюць яго хутчэйшаму выздараўленню. Яшчэ адно з апошніх набыткаў – наркозна-дыхальныя апараты экспертнага класа, якія дазваляюць ажыццяўляць наркоз дзецям усіх узростаў і з любой масай цела, адлюстроўваючы ўсе параметры стану здароўя пацыента падчас аперацыі. Гэта дазваляе ўрачу-анестэзіёлагу прымаць аператыўныя рашэнні па дакладных паказчыках, а гэта бяспечны, сучасны падыход да лячэбнага працэсу.
– Знакавае набыццё з'явілася для працы траўматолагаў, а менавіта рэнтген-апарат з электронна-аптычным пераўтваральнікам, – дадаў загадчык аперацыйнага аддзялення Аляксандр Янушкевіч. – Дадзеная ўстаноўка прыкметная тым, што падчас аперацыі можна хутка і не выходзячы з аперацыйнай зрабіць рэнтген-здымак, які адразу адлюстроўваецца на экране. Прычым апарат дазваляе ў рэжыме рэнтгенаскапіі, інтрааперацыйна выконваць медыцынскія маніпуляцыі і аперацыі, што значна паскарае і ўдасканальвае якасць працы.
Усё гэта, перш за ўсё, забяспечвае бяспеку пацыентаў і камфортныя ўмовы працы для персаналу – падвёў вынік Аляксандр Піткевіч. Таксама ён паведаміў, што штогод хірургамі і траўматолагамі УАЗ «ВДОКБ» выконваецца больш за 2,5 тысячы аперацый, а ў цэлым лячэнне ў бальніцы праходзіць каля 13 тысяч пацыентаў з усёй вобласці, звяртаюцца і замежныя грамадзяне.
На новы аперацыйны блок разам з медыцынскім абсталяваннем было затрачана 9 млрд рублёў з абласнога бюджэту. І гэта больш чым апраўданыя ўкладанні, паколькі яны падымаюць педыятрыю Віцебшчыны на якасна новы ўзровень і, што немалаважна, такія пераўтварэнні даюць магчымасць бальніцы значна пашырыць спектр медыцынскіх паслуг. Так, да Новага года тут пачнуць лячыць і аперыраваць дзяцей з захворваннямі ЛОР-органаў, а яшчэ праз паўгода – і паталогіі зроку, паколькі за гэты час у дадзеную ўстанову перанакіруюцца наяўныя ў абласной бальніцы аддзяленні дзіцячай атарыналарынгалогіі і афтальмалогіі. Для першага частка абсталявання ўжо паступіла, астатняе будзе дастаўлена да канца года. Тут з'явяцца аўтаматызаванае працоўнае месца ЛОР-урача, апарат лазернай хірургіі і іншае. А вось якую тэхніку закупіць для афтальмолагаў і колькі бюджэтных сродкаў на гэтыя мэты будзе выдзелена, – яшчэ ўдакладняецца.
У сваю чаргу, наяўнасць у бальніцы названых аддзяленняў дазволіць пашырыць спектр і колькасць нейрахірургічных аперацый і аказваць дапамогу дзецям з цяжкай спалучанай траўмай, а гэта ўжо новы напрамак працы.
Неўзабаве ва ўстанове адбудзецца яшчэ адно наваселле. Ужо другі год вядзецца рэканструкцыя трохпавярховага тэрапеўтычнага корпуса бальніцы. Будынак не рамантаваўся больш за 50 гадоў, але цяпер яго абнаўляюць у адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня і новымі санітарнымі нормамі. Прасторныя 2-х і 4-х мясцовыя палаты, гульнёвыя пакоі, сталовыя, павялічаная колькасць санузлаў і многае іншае забяспечаць камфортнае знаходжанне маленькіх пацыентаў. Менавіта ў гэтыя апартаменты плануецца перасяліць аддзяленні неўралогіі, гастраэнтэралогіі, нефралогіі, алергологіі. Акрамя таго, тут размесцяцца кафедры педыятрыі медыцынскага ўніверсітэта і медыцынскага каледжа, навучальныя пакоі, камп'ютэрныя класы, лекцыйныя залы. Усё гэта дазволіць разгрузіць тры карпусы, дзе знаходзяцца 13 лячэбных аддзяленняў з агульнай колькасцю 512 ложка-месцаў. Абнаўленне корпуса будаўнікі, а генеральным падрадчыкам выступае Віцебскі сельскі будаўнічы камбінат, абяцаюць здаць да Новага года.
Нямала планаў у медустановы і на наступны год. Напрыклад, траўматолагі збіраюцца ўкараніць интерлокинг – апераванне пераломаў малаінвазіўным метадам, што забяспечвае хуткае зрашчэнне пералому. Пацыент значна раней устане на ногі, тым самым выключаецца магчымасць з'яўлення пралежняў і пнеўманіі. І ў гэтым, па словах Аляксандра Піткевіча, Віцебская дзіцячая абласная клінічная бальніца будзе першай у краіне сярод аналагічных педыятрычных устаноў. Тым больш цяпер тэхнічная база бальніцы дазваляе ўкараніць гэтае новаўвядзенне, неабходна дакупіць толькі некаторае абсталяванне. Таксама мясцовыя спецыялісты маюць намер асвоіць артраскапічныя аперацыі (малаінвазіўная хірургія суставаў). На Віцебшчыне падобнае лячэнне практыкуецца, але толькі ў дарослых, дзяцей аперыруюць пакуль толькі ў сталіцы. На рэалізацыю ўсіх намечаных планаў прадугледжваецца выдзяленне сродкаў з бюджэту вобласці.
Як адзначыў Аляксандр Эдуардавіч, канцэпцыя развіцця педыятрыі Віцебскай вобласці сёння накіравана на тое, каб дзеці лячыліся ў шматпрофільнай бальніцы. Такім чынам, бацькам з дзіцем не давядзецца ездзіць ад адной лячэбнай установы да іншай, каб атрымаць поўны спектр медыцынскай дапамогі.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"