У Віцебскай філармоніі пройдзе канцэрт ансамбля салістаў «КЛАСІК-АВАНГАРД»
21 снежня а 16.00 у Зале філармоніі пройдзе канцэрт камернай музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў, ансамбля салістаў «КЛАСІК-АВАНГАРД» (Беларусь). Мастацкі кіраўнік – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір БАЙДОЎ.
Адзін з лідараў сярод інструментальных калектываў Беларусі, пастаянны ўдзельнік Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.І. Салерцінскага, ансамбль салістаў «Класік-Авангард» быў заснаваны ў 1985 годзе. Стваральнік калектыву і яго нязменны лідар – вядомы ў Беларусі музыкант, аранжыроўшчык, дырыжор Уладзімір Байдоў. Неабмежаваная жанрава-стылістычная палітра калектыву, колькасць прэм'ерных праграм і высокі выканальніцкі ўзровень – асноўныя характарыстыкі ансамбля салістаў. Яго інструментальны кантэкст змяшчае ўсе інструменты сімфанічнага аркестра (скрыпкі, альт, віяланчэль, кантрабас, флейта, фагот, габой, валторна, кларнет, трамбон, труба, клавішная група - фартэпіяна, клавесін і ўдарныя).
Сама назва калектыву гаворыць пра яго рэпертуар, вызначаючы творчае крэда калектыву – бесперапынны творчы пошук, жаданне ісці ў нагу з часам, адкрываць новыя імёны – і ў сучаснасці, і ў далёкім мінулым. Калектыў і яго кіраўнік узялі на сябе высокую місію адраджэння невядомых старонак нацыянальнай музычнай спадчыны, захавання і папулярызацыі новых твораў сучасных беларускіх кампазітараў.
Музыканты ансамбля – лаўрэаты і дыпламанты розных выканальніцкіх конкурсаў (усе яны выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі). Высокі прафесійны ўзровень артыстаў, мабільнасць і ўніверсальны склад інструментаў дазваляюць калектыву ў кароткія тэрміны рыхтаваць і выконваць на высокім прафесійным і мастацкім узроўні любыя праграмы.
Праграма «Лісты пра музыку», прысвечаная 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага:
П.Станкевіч. Марш «Памяці М.Агінскага». І.Добржынскі. Анданте і ронда a la polaca для флейты і камернага ансамбля. Я.Калівода. Капрычыа. Й.Гумель. Ронда для фартэпіяна і камернага ансамбля op. 107, № 6. М.Шыманоўская. Лендлер. С.Манюшка. «Праснічка», фантазія для флейты і камернага ансамбля. Б.Ромберг. Лялечная сімфонія. В.А. Моцарт. Уверцюра і тры контрдансы. Й.Гайдн. Дзівертысмент. К.фон Дзітэрсдорф. Музыка для маленькага балета. Ф.Шапен. Варыяцыі на тэму Дж. Расіні з оперы «Попелюшка» для флейты і камернага ансамбля. М.Агінскі. Марш d-moll. Элегія. Кадрыль F-dur. Фантазія на тэмы з оперы «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры». Р.Полестар. Паланэз-сюіта.